На беларуска-латвійскай мяжы затрымалі ўкраінца
- 6.03.2025, 18:04
Ён нібы накіроўваўся ў Расею.
У Верхнядзвінскім раёне полацкія памежнікі затрымалі грамадзяніна Украіны, які нелегальна перайшоў мяжу з боку Латвіі, заяўляе прэс-служба Памежнага камітэта.
Памежнікі, як паведамляецца, атрымалі звесткі аб падрыхтоўцы да парушэння мяжы. Пасля таго, як украінец перайшоў мяжу, за ім сачылі да сустрэчы з яго памагатым. Абаіх затрымалі ў населеным пункце Яніне памежнікі пры сілавой падтрымцы супрацоўнікаў АМАП. Пазней у Наваполацку затрымалі яшчэ двух чалавек - гаворыцца, што яны дапамагалі ўкраінцу патрапіць у нашу краіну.
У Памежным камітэце сцвярджаюць, што грамадзянін Украіны накіроўваўся ў Расею «для ажыццяўлення экстрэмісцкай дзейнасці. Высветлілася, што яму забаронены ўезд у Расею і Беларусь як асобе, якая выношвае намеры па дэстабілізацыі грамадска-палітычнага становішча і арганізацыі ячэек экстрэмісцкіх структур у інтарэсах Украіны».