Сіноптыкі: У Маларыце сёння да +19°С
- 6.03.2025, 17:16
У Беларусі пачатак сакавіка выдаўся па-травеньску цёплым.
Пачатак сакавіка выдаўся не па сезону цёплым. У чацвер удзень слупок тэрмометра ў многіх рэгіёнах краіны падняўся вышэй за 15°C, а ў Маларыце паветра прагрэлася і зусім да +19°С, паведамляе тэлеграм-канал аб надвор'і Nadvorie.
6 сакавіка «амаль на ўсіх метэастанцыях, у тым ліку і ў сталіцы, абнавіліся дзённыя максімумы і нацыянальны рэкорд дня».
«Такое ранняе вясновае цяпло фіксуецца ўпершыню за ўсю гісторыю метэаназіранняў у нашай рэспубліцы», — паведаміў Nadvorie.
Раней у Рэспубліканскім цэнтры гідраметэаралогіі, кантролю радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя Мінпрыроды паведамілі БелТА, што ў Беларусі ў найбліжэйшыя дні ўстановіцца цёплае надвор'е.
«Пад уплывам цёплых паветраных мас у рэспубліцы ўстанавілася не па сезоне цёплае надвор'е. Тэмпературны фон апярэджвае кліматычныя значэнні на 4-10 градусаў, і толькі моцны парывісты вецер прыглушвае адчуванне цяпла. Але ўжо ў пятніцу ён пачне слабець, а вобласць высокага ціску забяспечыць жыхарам краіны малавоблачнае з добрым дзённым прагрэвам надвор'е», - распавялі ў Белгідрамеце.
Адзначым, што сіноптыкі на 6 сакавіка абвясцілі аранжавы ўзровень небяспекі праз моцны вецер. Парывы будуць дасягаць 15-18 м/с.