Пуцін афіцыйна прызначыў новага амбасадара Расеі ў ЗША
- 6.03.2025, 12:35
Адпаведны ўказ з'явіўся на сайце Крамля.
Дыктатар Уладзімір Пуцін прызначыў дыпламата Аляксандра Дарчыева амбасадарам Расейскай Федэрацыі ў Злучаных Штатах Амерыкі.
Як паведамляе РБК-Украіна, адпаведны ўказ з'явіўся на сайце Крамля.
"Прызначыць Дарчыева Аляксандра Нікіціча надзвычайным і паўнамоцным паслом Расейскай Федэрацыі ў Злучаных Штатах Амерыкі і пастаянным назіральнікам Расейскай Федэрацыі пры Арганізацыі амерыканскіх дзяржаў у Вашынгтоне", - сказана ў дакуменце.
Вядома, што Дарчыеў знаходзіцца на дыпламатычнай службе з 1992 года і ўжо працаваў у расейскім прадстаўніцтве ў Вашынгтоне на розных пасадах.
З 2014 да 2021 года ён працаваў амбасадарам Расеі ў Канадзе, а потым быў дырэктарам дэпартамента Паўночнай Атлантыкі. У перыяд паміж назначэннямі ў дыпламатычных ведамствах быў у складзе кіраўніцтва Дэпартамента Паўночнай Амерыкі МЗС РФ.
Варта нагадаць, што папярэдні амбасадар РФ у ЗША Анатоль Антонаў закончыў працу ў кастрычніку 2024 года. Ён узначальваў расейскую амбасаду ў ЗША са жніўня 2017 года.