Ryanair цалкам адмовіцца ад раздрукаваных пасадачных квіткоў
- 5.03.2025, 20:49
З 3 лістапада.
Ірландскі лаўкостар Ryanair пацвердзіў намеры цалкам адмовіцца ад раздрукаваных пасадачных квіткоў, але адтэрмінаваў дату новаўвядзення з траўня на лістапад 2025 года.
Пра гэта паведамляе шэраг выданняў, сярод якіх ірландскае Independent.
У Ryanair абвясцілі, што з 3 лістапада 2025 г. пасадачныя квіткі будуць захоўвацца ў дадатку авіякампаніі. Першапачаткова новаўвядзенне планавалі на травень, але пастанавілі перанесці на менш напружаны зімовы сезон.
«З лістапада пасажыры Ryanair больш не будуць загружаць і раздрукоўваць фізічны, папяровы пасадачны квіток, а замест гэтага будуць выкарыстоўваць лічбавы пасадачны квіток, згенераваны ў дадатку myRyanair падчас рэгістрацыі на рэйс... Пасажыры змогуць загрузіць пасадачныя квіткі для ўсіх пасажыраў са сваёй замовы і падзяліцца імі праз WhatsApp і г.д.»
Ужо ад першых анонсаў пра такія планы на адрас кампаніі пачаліся пытанні, як развязаць сітуацыю, калі ў пасажыра разрадзіўся тэлефон, узнікла праблема з праграмай, тэлефон скралі ў апошні момант перад паездкай, ці ў яго ўвогуле няма смартфона.
У сённяшніх тлумачэннях у Ryanair адзначылі, што калі пасажыр зарэгістраваўся на рэйс і потым з тэлефонам нешта здарылася, яму «бясплатна дапамогуць у аэрапорце».
Кампанія аргументуе поўную адмову ад раздрукаваных пасадачных квіткоў эканоміяй сродкаў, 300 тонамі паперы штогод і памяншэннем колькасці неабходных стоек рэгістрацыі. Таксама адзначаюць, што паўсюднае выкарыстанне праграмы дазволіць аператыўна выпраўляць інфармацыю ў выпадку затрымак або скасавання рэйсу.
У Ryanair кажуць, што блізу 80% іх пасажыраў ужо цяпер выкарыстоўваюць лічбавыя пасадачныя квіткі, а новаўвядзенне дазволіць «прыбраць амаль усе зборы за рэгістрацыю ў аэрапорце». Цяпер гэта 50 еўраў за рэгістрацыю на рэйс і 20 еўраў – за паўторную выдачу пасадачнага квітка.
У аэрапортах, дзе не прымаюць лічбавыя пасадачныя талоны – напрыклад у Албаніі і Турцыі – пасажыраў абяцаюць папярэджваць і бясплатна забяспечваць раздрукаваным пасадачным квітком на рэгістрацыі.