Зяленскі: Украіна і Еўропа рыхтуюць план першых крокаў для набліжэння справядлівага міру
- 5.03.2025, 20:31
Ён будзе гатовы ў найбліжэйшы час.
Украіна і Еўропа рыхтуюць план першых крокаў для набліжэння справядлівага і ўстойлівага міру. Ён будзе гатовы ў найбліжэйшы час.
Пра гэта прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі напісаў у Telegram.
Як расказаў Зяленскі, сёння ён правёў тэлефонную размову з прэм'ер-міністрам Славеніі Робертам Голабам, каб «праінфармаваць пра саміт лідараў у Лондане і абмеркаваць нашы супольныя намаганні».
«Рыхтуем план першых крокаў для набліжэння справядлівага і ўстойлівага міру. Працуем над ім хутка. Ён будзе гатовы ў найбліжэйшы час», – адзначыў прэзідэнт.
Ён падкрэсліў, што Еўропа мае агульную візію наконт заканчэння вайны і гарантый бяспекі. І яна павінна быць за сталом будучых перамоваў разам з Украінай і ЗША.
«Гаварылі таксама пра рэалізацыю нашай ініцыятывы «Харчаванне з Украіны». Славенія далучаецца да нашых намаганняў для падтрымкі сірыйскага народа», – дадаў Зяленскі.
Таксама кіраўнік дзяржавы правёў плённую размову з прэм'ер-міністрам Нідэрландаў Дзікам Схаофам пасля сустрэчы ў Лондане.
«Абмеркавалі каардынацыю з партнёрамі і падрыхтоўку супольнага плану. Першыя крокі для набліжэння справядлівага міру надзвычай важныя. Мы хочам перайсці да іх ужо найбліжэйшым часам у супрацоўніцтве з ЗША і ўсёй Еўропай», – адзначыў прэзідэнт.
Акрамя таго, паводле словаў Зяленскага, Нідэрланды рыхтуюць новыя пакеты ваеннай і фінансавай дапамогі. Ён таксама праінфармаваў нідэрландскага прэм'ера пра прыярытэтныя патрэбы Украіны.