У Беларусі з аўкцыёну прадаюць «Легенду», «Лідара» і «Міхалыча»
- 4.03.2025, 20:11
Кошты даходзяць да мільёна даляраў.
На аўкцыённай пляцоўцы «ІПМ-Таргі» з'явілася некалькі дзясяткаў цікавых лотаў з не менш цікавымі назвамі: «Легенда», «Лідар», «Міхалыч», «Егер», «Гранд» і некаторыя іншыя. І грошай за іх хочуць немалых: да мільёна даляраў за лот. Blizko.by расказвае, што пра іх вядома.
Размова ідзе пра гандлёвыя маркі, якія належаць Мазырскаму спіртагарэлачнаму заводу. Пад гэтымі і іншымі назовамі на заводзе выпускаліся гарэлка і іншая алкагольная прадукцыя.
Хоць гандлёвая марка дазваляе выпускаць пад такімі назвамі не толькі алкаголь, але і, напрыклад, мінеральную ваду.
Кошты гандлёвых марак адрозніваюцца ў вельмі шырокіх межах. Скажам, за гандлёвы знак «Легенда» хочуць атрымаць 840 рублёў, столькі ж каштуе і «Лідар». За брэнды «Кірмашовая» і «Стары воін» хочуць 2000 рублёў.
Гандлёвы знак «Гранд» каштуе 17000 рублёў, «Дырэктарская банкетная» – 20700 рублёў, а «Дырэктарская візітная» – 59800 рублёў.
Гандлёвы знак «Міхалыч» аддаюць за 49200 рублёў, а камбінаваны гандлёвы знак «Міхалыч» (гэта значыць лагатып з мядзведзем) – за дадатковыя 49200 рублёў.
Даражэй за ўсё каштуе лот адразу з шасці таварных знакаў: «Старамарка», «Егер» (плюс два розныя лагатыпы), «Старарасейская», «Бакара». Стартавы кошт гэтага лота складае 3094740 рублёў. Калі ўлічыць крок аўкцыёну 5%, выдаткі прадаўца (8904 рублі), выдаткі арганізатара аўкцыёну (400 рублёў) і ўзнагароджанне арганізатару гандлю памерам 1% ад выніковага памеру лота, то атрымліваецца, што гэтая шасцёрка таварных знакаў дастанецца пераможцу аўкцыёну за 3291276 рублёў, або прыкладна за 1021406 даляраў паводле актуальнага курсу Нацбанка.
Аўкцыёны адбудуцца 31 сакавіка.