Фінтэх-стартап з беларускімі каранямі атрымаў 10 млн еўраў інвестыцый
- 4.03.2025, 19:20
Ацэнка стартапу вырасла да больш як 35 мільёнаў еўраў.
Літоўскі фінтэх-стартап з беларускімі каранямі myTU паспяхова закончыў інвестыцыйны раўнд A, здолеўшы прывабіць 10 мільёнаў еўраў пры запланаваных 9 мільёнах. Новыя сродкі мяркуецца накіраваць на маштабаванне лічбавай банкаўскай платформы, піша devby.io.
Раўнд узначалілі існыя акцыянеры, якія павялічылі свае дзелі, а таксама два стратэгічныя інвестары – даўнія бізнэс-партнёры кампаніі. Дзякуючы паспяховаму раўнду ацэнка myTU вырасла да больш чым 35 мільёнаў еўраў.
Новыя сродкі дазволяць пашырыць сферу паслуг за кошт выхаду на рынкі крэдытавання, маштабавання ШІ-ідэяў і хмарных тэхналогій, а таксама падрыхтоўкі да атрымання паўнавартаснай банкаўскай ліцэнзіі. Кампанія плануе дасягнуць прыбытковасці ў 2025 годзе.
«Наша тэхналогія дазваляе нам устойліва маштабавацца, а гэтыя інвестыцыі стануць палівам для наступнага этапу нашага шляху. Мы ствараем банкаўскую платформу, якая не проста арыентаваная на лічбавы фармат, а па-сапраўднаму лічбавая», – заявіў генеральны дырэктар myTU Раман Корнеў.
myTU заснаваны ў 2019 годзе (зарэгістраваны ў Вільні), прапануе паслугі мабільнага і лічбавага банкінгу для прыватных і бізнэс-кліентаў. У стартапе працуе 25 чалавек. У 2022 годзе myTU прывабіў блізу 5 мільёнаў еўраў ад бізнэс-анёлаў, а ўсяго з моманту заснавання – блізу 7 мільёнаў еўраў.