BE RU EN

Чэхія паведаміла пра спыненне паставак расейскай нафты па «Дружбе»

  • 4.03.2025, 18:11

Запасаў сыравіны ў краіне хопіць на тры месяцы.

Дзяржаўная нафтатранспартная кампаніі Чэхіі MERO ČR паведаміла пра спыненне паставак расейскай нафты па паўднёвай галіне нафтаправода «Дружба». Такая заява апублікаваная на сайце кампаніі ў аўторак, 4 сакавіка, піша «Нямецкая хваля».

«MERO ČR валодае інфармацыяй пра спыненне паставак нафты ў Чэхію па нафтаправодзе “Дружба”», – сказана ў паведамленні. У кампаніі адзначылі, што цяпер «істотных абмежаванняў на пастаўку нафты на НПЗ Чэхіі няма», запасаў нафты і нафтапрадуктаў у краіне хопіць на 90 дзён.

У той самы час у MERO ČR заявілі пра тэхнічную гатоўнасць да альтэрнатыўных паставак нафты. Напрыклад, праз Трансальпійскі нафтаправод (TAL), па якім у Чэхію паступае сыравіна з нафтавага тэрмінала ў італьянскім Трыесце. «MERO ČR ужо цалкам тэхнічна гатовая да запуску праекту TAL-PLUS. Дзякуючы гэтаму прапускная здольнасць нафтаправода TAL вырасла настолькі, што яна цалкам пакрывае спажыванне абодвух НПЗ Чэхіі», – сказалі ў кампаніі.

Там таксама дапусцілі магчымасць выкарыстоўваць нафтаправод Інгальштат-Кралупы-Літвінаў (ІКЛ), які злучае Чэхію з поўднем Нямеччыны. «У выпадку надзвычайнай сітуацыі ўжо цяпер магчымае выкарыстанне нафтаправодаў TAL і ІКЛ у якасці паўнавартаснай альтэрнатывы нафтаправоду “Дружба”», – абяцаюць у MERO ČR.

Каментара расейскага боку наконт прычынаў спынення паставак няма. 5-6 снежня 2024 года Чэхія ўжо сутыкалася з кароткачасовым спыненнем пастаўкі нафты па «Дружбе». Тады экспарт аднавілі праз два дні.

Чэхія даўно імкнецца знайсці замену «Дружбе»

«Дружба» – найбуйнейшы расейскі трубаправод, па якім нафта паступае ў Еўропу. Ён пабудаваны яшчэ ў 1960-я. У беларускім Мазыры ён дзеліцца на паўночную і паўднёвую галіны. Паўночная праходзіць па тэрыторыі Беларусі, Польшчы, Нямеччыны, Латвіі і Літвы. Паўднёвая цягнецца праз Украіну, Чэхію, Славакію, Вугоршчыну.

Прапампоўка нафты з Расеі па паўночнай галіне была спыненая праз санкцыі Еўразвязу. З лютага 2023 года па ёй ідзе прапампоўка казахстанскай нафты на НПЗ у нямецкім горадзе Швеце.

Вугоршчына, Славакія і Чэхія дамагліся выключэння транспартавання нафты па паўднёвай галіне «Дружбы» з санкцый ЕЗ. У 2023 годзе пастаўкі па гэтым канале забяспечылі блізу 58 адсоткаў спажывання нафты ў Чэхіі. Аднак Прага даўно інвестуе ў пашырэнне ТAL і дзякуючы гэтаму спадзявалася адмовіцца ад нафты з РФ ужо ў першым паўгоддзі 2025 года.

Апошнія навіны