Bloomberg: Пуцін абяцае дапамагчы Трампу з Іранам
- 4.03.2025, 15:17
Крэмль абяцае выступіць пасярэднікам.
Расея пагадзілася дапамагчы адміністрацыі прэзідэнта ЗША Дональда Трампа ў перамовах з Іранам у шэрагу пытанняў.
Пра гэта ў аўторак, 4 сакавіка, паведамляе Bloomberg са спасылкай на людзей, знаёмых з сітуацыяй.
Пытанні, у якіх Крэмль пагадзіўся надаць садзейнічанне ЗША, уключаюць іранскую ядзерную праграму і падтрымку Тэгеранам рэгіянальных антыамерыканскіх сіл у рэгіёне, адзначае Bloomberg.
Як распавялі агенцтву дасведчаныя крыніцы ў Маскве, прэзідэнт ЗША Дональд Трамп перадаў сваю зацікаўленасць расейскаму дыктатару Уладзіміру Пуціну наўпрост падчас іх тэлефоннай размовы ў лютым.
А высокапастаўленыя службовыя асобы Адміністрацыі Дональда Трампа абмеркавалі гэтае пытанне са сваімі расейскімі калегамі на перамовах у Савудаўскай Арабіі праз некалькі дзён.
Спікер крамлёўскага рэжыму Дзмітрый Пяскоў у каментары агенцтву заявіў, што «Расея мяркуе, што ЗША і Іран павінны ўрэгулёўваць усе праблемы шляхам перамоў» і што Масква «гатовая зрабіць усё магчымае, каб дамагчыся гэтага».
Прадстаўнік МЗС Ірана ў адказе на пытанне агенцтва, ці прапаноўвала Расея пасярэдніцтва паміж Тэгеранам і Вашынгтонам, указаў, што для краін з'яўляецца «натуральным» прапаноўваць сваю дапамогу.
Будучы пад жорсткімі санкцыямі з боку ЗША, Расея і Іран паглыбілі супрацоўніцтва ў сферы гандлю і энэргетыкі, адзначылі ў Bloomberg. Расея таксама выкарыстоўвае іранскія беспілотнікі ў вайне супраць Украіны.