Рэспубліканцы і дэмакраты рэзка крытыкуюць Трампа за спыненне дапамогі Украіне
- 4.03.2025, 14:12
У абедзвюх партыях знайшліся галасы ў падтрымку Кіева.
Пастанова прэзідэнта Дональда Трампа прыпыніць вайсковую дапамогу ЗША Украіне абурыла кангрэсмэнаў-дэмакратаў і падзяліла рэспубліканцаў, выклікаўшы супрацьлеглыя рэакцыі асуджэння і адабрэння ў прэзідэнцкай партыі.
NV сабраў першыя рэакцыі кангрэсмэнаў у Сенаце і Палаце прадстаўнікоў ЗША, якія прадстаўляюць абедзве вядучыя амерыканскія партыі.
Кангрэсмэн-рэспубліканец Майк Лоўлер, які прадстаўляе Нью-Ёрк у Палаце прадстаўнікоў ЗША, заявіў, што «спыненне падтрымкі Украіны паставіла б пад пагрозу стабільнасць Еўропы і свабоднага свету». «Ёсць моцныя аргументы з абодвух бакоў гэтага пытання, і я іх паважаю. Аднак мы павінны быць прагматычнымі што да больш шырокага ўяўлення і абараняць інтарэсы Амерыкі за мяжой», - дадаў Лоўлер.
Дон Бэйкан, чалец Палаты прадстаўнікоў ЗША ад Рэспубліканскай партыі і брыгадны генерал ВПС ЗША ў адстаўцы, больш прама раскрытыкаваў пастанову Трампа.
«Шкада, што Іран, Паўночная Карэя і Кітай не прыпыняюць сваю вайсковую дапамогу і эканамічную падтрымку [Расеі]», – нагадаў Бэйкан.
«Ёсць захопнік і ахвяра; ёсць дэмакратыя і дыктатура; ёсць краіна, якая хоча быць часткай Захаду, і тая, якая ненавідзіць Захад. Мы павінны адназначна быць на баку дабра», - падкрэсліў кангрэсмэн.
Сенатарка-рэспубліканка Сьюзан Колінз, якую цытуе журналіст Голаса Амерыкі Астап Ярыш, выступіла супраць кроку Трампа: «Я не думаю, што мы павінныя спыняць нашыя намаганні. Украінцы праліваюць кроў. Я не адмаўляюся ад сваёй падтрымкі Украіны». Яна таксама заявіла аб «крытычным часе для Украіны».
Дэмакраты чакана рэзка раскрытыкавалі пастанову Трампа спыніць амерыканскую дапамогу для Украіны ў вайне з РФ.
Сенатарка-дэмакратка Джын Шагін, сустаршыня камітэта Сената ў замежных стасунках, заявіла: «Гэты акт помсты супраць нашага хаўрусніка, які знаходзіцца на перадавой абароне свабоды і дэмакратыі, не толькі ганебны — ён небяспечны. Замарозіўшы вайсковую дапамогу Украіне, прэзідэнт Трамп шырока адчыніў дзверы Пуціну для эскалацыі яго гвалтоўнай агрэсіі супраць нявінных украінцаў. Наступствы, безумоўна, будуць разбуральнымі. Цалкам зразумела, што прэзідэнт Трамп не атрымаў нічога ўзамен за такую шчодрую дапамогу Пуціну. Я заклікаю адміністрацыю змяніць курс і памятаць, што каштоўнасці Амерыкі - са свабодным светам, а не з аўтакратамі і дыктатарамі-забойцамі».
Сенатарка-дэмакратка Элізабэт Уорэн, былая кандыдатка ў прэзідэнты ЗША нагадала: «Спачатку Дональд Трамп абвінаваціў Зяленскага ва ўварванні Пуціна ва Украіну. Затым ён заяўляе, што „давярае“ Пуціну. Цяпер ён замарозіў двухпартыйную вайсковую дапамогу. Зразумела, што Дональд Трамп ставіць сваё далікатнае эга вышэй за нашу нацыянальную бяспеку — становіцца на бок Пуціна супраць [інтарэсаў] хаўруснікаў ЗША ў Еўропе».
Кангрэсмэн-дэмакрат з Палаты прадстаўнікоў Брэндан Бойл назваў пастанову Трампа «безразважнай, недапушчальнай і наўпроставай пагрозай нашай нацыянальнай бяспецы», падкрэсліўшы, што вайсковая дапамога была ўхваленая абедзвюма партыямі ў Кангрэсе. Бойл таксама заявіў, што такі ціск на Украіну з'яўляецца спробай «вымагальніцтва».
Чалец Палаты прадстаўнікоў ЗША ад Дэмакратычнай партыі Дэн Голдман заявіў, што прыпыненне дапамогі з'яўляецца «чарговым актам шантажу» ў дачыненні да Уладзіміра Зяленскага.
«Гэта поўная супрацьлегласць міру праз сілу, - падкрэсліў Голдман. - Чым гэта сапраўды з'яўляецца - дык гэта чарговым шантажом прэзідэнта Зяленскага, незаконным утрыманнем дапамогі, каб прымусіць Зяленскага пагадзіцца на ўгоду што да карысных выкапняў.