BE RU EN

Адразу два беларусы трапілі ў фінал вялікага турніру ў покеры

  • 4.03.2025, 12:56

Ён пройдзе ў Паўднёвай Карэі.

Адразу два беларусы — Максім Васкрасенскі і Аляксандр Шылко — патрапілі за фінальны стол турніру ў покеры $ 25k NLH 8-Handed, які адбыўся ў рамках сэрыі Triton Super High Roller Series, якая праходзіць цяпер у паўднёвакарэйскім Чэджу, піша выданне "Беларусь і свет".

Агулам у турніры быў зафіксаваны 391 уваход. Кожны прынёс у агульную скарбонку 25 тысяч даляраў, што сфармавала прызавы фонд амаль 10 млн даляраў і гарантавала выплаты шматлікім гульцам, у тым ліку па больш за 1 млн — двум першым.

Пры фінальным стале, дзе сядзелі дзевяць гульцоў, Максім у колькасці заробленых фішак знаходзіўся на чацвёртым месцы, а Аляксандр — на астатнім дзявятым. Прыкладна на такіх жа пазіцыях яны, увогуле, і закончылі выступ.

Так, Аляксандр у адной з першых жа партый пайшоў ва-банк, не маючы на руках добрых картаў. І хоць не траціў шанцаў да канца, усё ж быў выбіты амэрыканцам Джэрэмі Аўсмусам. Ягоны вынік — дзявятае месца і 178 тысяч даляраў прызавых.

Максім гуляў яшчэ доўга. У нейкі момант, разгубіўшы па дарозе палову фішак, таксама пайшоў ва-банк, але налучыўся на два тузы малайзійца Сіма Кока Вая, да якога ў выніку яшчэ прыйшоў і флэш. Ягоны вынік — пятае месца і 532 тысячы даляраў прызавых.

Першае ж месца заняў той самы амэрыканец Джэрэмі Аўсмус, атрымаўшы 1 892 000 даляраў. На другім апынуўся кітаец Цюань Чжоў, якому дасталася 1 193 000 даляраў. Тройку замкнуў таксама згаданы малайзіец Сім Кок Вай з 855 000 даляраў.

Апошнія навіны