Вядомы менскі гандлёвы цэнтр мяняе назву
- 4.03.2025, 11:01
Краму чакае сур'ёзны рэбрэндынг.
Адна з філій ЦУМа сур'ёзна зменіцца ўжо ў 2025 годзе, паведамляе агенцтва "Мінск-Новості".
Гаворка ідзе пра краму «Тавары для жанчын», размешчаную на сталічнай вуліцы Куйбышава, недалёка ад Камароўскага рынку.
«Мы плануем змяніць назву, абнавіць стыль, павялічыць асартымент і змяніць лакацыі таварных груп. Гэта дазволіць больш рацыянальна выкарыстоўваць гандлёвую плошчу», – абвясціў задумкі дырэктар ААТ «ЦУМ Мінск» Аляксей Сокал.
Крама "Тавары для жанчын" працуе з 1990-х. За гэтыя гады яна, вядома, некалькі разоў абнаўлялася: у розныя перыяды часу, напрыклад, дадалі харчовы аддзел і перавялі гандаль на самаабслугоўванне.
Аднак будучая рэнавацыя абяцае быць больш маштабнай.