BE RU EN

Лукашэнка пачаў баяцца сваіх чыноўнікаў?

  • 4.03.2025, 10:22

Падобна, кагосьці пачынае напружваць наменклатурная вага падпарадкаваных.

Перапрызначаючы Мікалая Снапкова на пасаду віцэ-прэм'ера, які курыруе эканоміку, кіраўнік зрабіў красамоўнае пажаданне:

— Вельмі хацеў бы, Мікалай Генадзевіч, каб вы працавалі акуратна, не забываліся на тое, што гэта дзеці прэзідэнта (міністры — заўв.), прызначаныя прэзідэнтам. Таму біць па галаве іх нельга. Лаяцца на іх нельга і нават крычаць на іх нельга, толькі калі за межамі кабінета па-мужчынску.

Першае ўражанне ад пачутага - хто б казаў. Бо пра манеру камунікацыі самога Лукашэнкі даўно вядома. Гэта і бясконцае фамільярнае тыканне ўсім і ўся, нягледзячы на ўзрост і статус суразмоўцаў, піша «Салiдарнасць».

Памятаем мы і пра скандалы, якія ладзяцца ва ўсялякіх інтэр'ерах - ад непрыбранага кароўніка да залы пасяджэнняў у асабістым палацы. А ўжо біць па галаве, нагадваюць злыя языкі, ён пачаў задоўга да таго, як атрымаў уладу над цэлай краінай.

Але за першым уражаннем стаіць і другое, выкліканае працягам адкрыццяў правадыра:

- У вас вялікія паўнамоцтвы, самастойнасць вялікая. Характарызуюць вас вельмі добра, з кім бы я ні размаўляў. Вы за час працы ва ўрадзе сталі зусім іншым чалавекам. Таму я на вас вельмі разлічваю ў гэтым новым старым урадзе і спадзяюся, што мы атрымаем добры эфэкт.

Перавядзём на зразумелую ў чыноўніцкім асяроддзі мову: займайся эканомікай, а маё - крычаць і біць па галаве - пакінь мне.

І гэта сігнал не толькі Снапкову, а ўсім тым, каго сёння прызначылі ці пакінулі на ранейшым месцы. Гэта магчымае сведчанне таго, што залішняя самастойнасць і вялікія паўнамоцтвы ў падначаленых пачынаюць напружваць дыктатара.

Апошнія навіны