Беларусам хочуць падвысіць пенсійны ўзрост
- 4.03.2025, 10:07
Праект дакумента ўжо гатовы.
Беларускія чыноўнікі абмяркоўваюць магчымасць падвышэння пенсійнага ўзросту на два гады. Пра гэта паведамляюць крыніцы «Белсата». Пастанова пакуль не прынятая, але праект дакумента ўжо гатовы.
Крыніцы сцвярджаюць, што паступовае падвышэнне пачнецца ўжо з 2026 года. І калі падчас папярэдняга падвышэння пенсійнага ўзросту кожны год прыбаўлялася па паўгода, то зараз яго збіраюцца падвышаць адразу на год: плюс адзін у 2026-м і яшчэ плюс адзін у 2027-м. Такім чынам, праз два гады жанчыны, як плануецца, будуць выходзіць на пенсію ў 60 гадоў, а мужчыны - у 65 гадоў.
Нагадаем, што ўпершыню аб неабходнасці павялічваць пенсійны ўзрост Аляксандр Лукашэнка заявіў у 2016 годзе. Як ён тады сказаў, мера выклікана "неабходнасцю падтрымання ўзроўню жыцця насельніцтва ў доўгатэрміновай перспектыве". Да гэтага моманту мужчыны ў Беларусі сыходзілі на пенсію ў 60 гадоў, жанчыны - у 55.
Паэтапнае падвышэнне пенсійнага ўзросту, згодна з указам Лукашэнкі, пачалося з 1 студзеня 2017 года. З таго часу - да снежня 2022-га - яго павялічвалі на шэсць месяцаў, пакуль пенсійны ўзрост не дасягнуў 63 гадоў для мужчын і 58 гадоў для жанчын. Аналагічным чынам адбылося і павелічэнне ўзросту, якое дае права на льготныя працоўныя пенсіі і пенсіі за выслугу гадоў.
Большасць беларусаў новаўвядзенне не ўхвалілі і тады. Паводле звестак Незалежнага інстытута сацыяльна-эканамічных і палітычных даследаванняў (НІСЭПД), які правёў апытанне пасля падпісання ўказа аб павышэнні пенсійнага ўзросту, толькі 19% рэспандэнтаў падтрымалі павелічэнне пенсійнага ўзросту, 70% паставіліся да такой меры негатыўна.
Экспэрты, у сваю чаргу, ужо тады казалі, што гэтая мера будзе недастатковай. Прычына: работнікаў, якія плацяць унёскі ў пенсійныя фонды, у краіне становіцца менш, а пенсіянераў - больш.
Яшчэ ў 2018 годзе дзель насельніцтва старэйшага працаздольнага ўзросту ў Беларусі складала 25 адсоткаў, а да 2050 года, паводле прагнозаў, дасягне ўжо 35 адсоткаў. Атрымліваецца, праблему дэфіцыту ФСАН павелічэннем пенсійнага ўзросту ўлады не развязалі, а адсунулі.
Аб дзірцы ў бюджэце ФСАН, з-за якой патрабуюцца штогадовыя ўліванні - субвенцыі з дзяржбюджэту - у свой час заяўляў і Аляксандр Лукашэнка. Мінпрацы і іншым профільным ведамствам гэтую праблему развязаць ніяк не ўдавалася.
Пасля 2022 года чыноўнікі таксама абмяркоўвалі далейшае падвышэнне пенсійнага ўзросту. Яшчэ больш падвысіць яго раілі і ў МВФ.
Колькі на пенсіі жывуць беларусы?
Пасля пандэміі сярэдняя чаканая працягласць жыцця беларусаў пры нараджэнні, паводле звестак ААН, прыкметна знізілася. Асабліва прыкметным гэтае зніжэнне стала для мужчын, якія з 2019-га да 2021-ы «страцілі» амаль 2,5 гады жыцця (з 69,7 года да 67,3 года). Мяркуючы з гэтай жа статыстыкі, мужчыны ў Беларусі ў сярэднім жывуць на 10,4 года менш, чым жанчыны.
Такі анамальна высокі гендэрны разрыў (большы за 10 гадоў) у 2021 годзе, дарэчы, быў зафіксаваны толькі ў чатырох краінах свету. Усе яны знаходзяцца на постсавецкай прасторы. Гэта Арменія (10,8 года розніцы - 77,4 для жанчын і 66,6 для мужчын); Расея (10,6 года розніцы - 74,8 для жанчын, 64,2 для мужчын); Беларусь (10,4 гады розніцы - 77,7 для жанчын, 67,3 для мужчын); Украіна (10,2 гады розніцы - 76,7 для жанчын, 66,5 для мужчын).
Лічым далей: сярэдняя працягласць жыцця ў Беларусі складае 72,4 гады: 67,3 для мужчын і 77,7 для жанчын. Атрымліваецца, што сярэдні час дажыцця пасля выхаду на пенсію для мужчын сёння складае 4,3 гады, а для жанчын - 19,7. Розніца паміж «мужчынскім» і «жаночым» часам дажыцця складае ажно 15,4 гады. У сярэднім беларуска зараз можа пражыць на пенсіі амаль у чатыры разы даўжэй, чым беларус. Зразумела, размова ідзе аб працоўных пенсіях з прычыны ўзросту, а не за выслугу гадоў.
У выпадку, калі пенсійны ўзрост паднімуць яшчэ на два гады, то ў сярэднім мужчынам на пенсіі пашчасціць жыць крыху больш за два гады, а жанчынам - амаль 18.