У Лондане закончыўся саміт еўрапейскіх лідараў у падтрымку Украіны
- 2.03.2025, 20:15
Эпахальная падзея доўжылася амаль дзве гадзіны.
Саміт еўрапейскіх краін аб Украіне, які доўжыўся блізу дзвюх гадзін, закончыўся. Удзельнікі саміту адзін за адным пакідаюць Ланкастэр-Хаўс. Уладзімір Зяленскі, як чакаецца, адправіцца ў Сандрынгем, каб сустрэцца з каралём Карлам III.
Як адзначае Reuters, сустрэча лідараў Еўропы была арганізаваная з мэтай дэманстрацыі падтрымкі Зяленскага, які два дні таму перапыніў свой візіт у Вашынгтон пасля перамоў з прэзідэнтам ЗША Дональдам Трампам, якія не мелі поспеху ў Белым доме. Праз сварку паміж Зяленскім і Трампам, а таксама віцэ-прэзідэнтам Злучаных Штатаў Джэем Ды Вэнсам, прэзідэнт Украіны датэрмінова пакінуў перамовы. Пры гэтым была скасаваная іх выніковая прэс-канферэнцыя з Трампам і падпісанне двухбаковага пагаднення аб мінеральных рэсурсах.
Раней прэс-служба ўкраінскага прэзідэнта паведамляла, што ў саміце бяруць удзел лідары Украіны, Вялікабрытаніі, Даніі, Італіі, Гішпаніі, Канады, Нідэрландаў, Нямеччыны, Нарвэгіі, Польшчы, Румыніі, Фінляндыі, Францыі, Чэхіі, Швэцыі, а таксама міністр замежных спраў Турцыі Хакан Фідан, генеральны сакратар рады NATO Антонію Кошта.
Саміт арганізаваў прэм'ер-міністр Вялікабрытаніі Кір Стармер.
На мерапрыемстве павінны былі абмеркаваць выклікі, якія стаяць перад Украінай і ўсёй Еўропай, барацьбу супраць расейскай агрэсіі і пошукі шляхоў да справядлівага, устойлівага міру.
Брытанскі прэм'ер заявіў, што для бяспекі Еўропы надышоў "момант, які бывае раз на пакаленне". "Спрыяльны" для Украіны зыход канфлікту будзе мець жыццёва важнае значэнне для бяспекі краін на ўсім кантыненце, падкрэсліў Стармер, словы якога падае ВВС.