BE RU EN

Курды абвясцілі замірэнне з Турцыяй, супраць якой ваявалі 40 гадоў

  • 2.03.2025, 17:16

Замірэнне набыло моц 1 сакавіка.

Рабочая партыя Курдыстана (РПК) падтрымала заклік яе кіраўніка Абдулы Аджалана аб заканчэнні ўзброенай барацьбы супраць Турцыі. Заяву PПК апублікавала курдскае інфармацыйнае агенцтва Firat.

.

У партыйным дакуменце гаворыцца, што замірэнне набывае моц 1 сакавіка.

«Гэтая пастанова распаўсюджваецца на ўсе нашы сілы. Усе камандаванні і адпаведныя падраздзяленні павінны строга прытрымлівацца пастаноў нашай партыі аб замірэнні і поўнасцю падтрымліваць яго. Безумоўна, у выпадку магчымых атак нашы сілы маюць права на самаабарону і павінны нанесці патрэбны адказ у рамках законнага права на абарону. Мы таксама пакідаем за сабой права на дзеянні ў адказ у выпадку працягу нападаў», – гаворыцца ў заяве.

Скласці зброю кіраўнік РПК Аджалан, які знаходзіцца ў турэцкай турме з 1999 года, заклікаў 27 лютага.

Як піша «Голас Амерыкі», заява прагучала на фоне фундаментальных змен у рэгіёне, рэканфігурацыі ўлады ў суседняй Сірыі пасля зрынання рэжыму прэзідэнта Башара Асада, паслаблення баявога руху «Хезбала» ў Лібане і вайны Ізраіля і ХАМАС у Газе.

Пасля заявы Аджалана прэзідэнт Турцыі Раджэп Эрдаган, якога цытуе выданне, адзначыў магчымасць зрабіць "гістарычны крок", каб разбурыць "сцяну тэрору, якая стаяла паміж 1000-гадовым брацтвам" (турэцкага і курдскага народаў).

Некаторыя экспэрты мяркуюць, што замірэнне дасць ураду Эрдагана падтрымку курдаў для новай канстытуцыі, якая дазволіць яму заставацца ва ўладзе пасля 2028 года, калі скончыцца яго цяперашні тэрмін, піша СМІ.

Апошнія навіны