Трамп падпісаў указ аб прызнанні ангельскай мовы дзяржаўнай у ЗША
- 2.03.2025, 16:09
Да гэтага часу ў ЗША афіцыйнай мовы не было.
Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп падпісаў указ аб прызнанні ангельскай дзяржаўнай мовай у краіне. Дакумент апублікаваны на сайце Белага дома.
"Гэты ўказ вызначае ангельскую мову як афіцыйную мову Злучаных Штатаў", — гаворыцца ў дакуменце.
Ва ўказе адзначана, што ангельская выкарыстоўвалася як нацыянальная мова з часоў заснавання ЗША.
«Нашыя гістарычныя кіроўныя дакументы, уключаючы Дэкларацыю незалежнасці і Канстытуцыю, былі напісаны на ангельскай мове. Таму даўно неабходна абвясціць ангельскую афіцыйнай мовай Злучаных Штатаў», - адзначаецца ў тэксце ўказу. Падкрэсліваецца, што прынятыя меры будуць садзейнічаць адзінству і фармаванню агульнай амерыканскай культуры для грамадзян краіны.
Гэты ўказ таксама скасаваў дзеянне дакумента, якім гарантаваўся доступ да дзяржаўных паслуг людзей з абмежаванай ангельскай мовай.
Раней газета The Wall Street Journal пісала, што ў ЗША за ўсю іх гісторыю ніколі не было дзяржаўнай мовы, зацверджанай на федэральным узроўні.
Са звестак Бюро перапісу насельніцтва ЗША, людзі ў краіне размаўляюць на больш як 350 мовах. Найбольш распаўсюджаныя мовы акрамя ангельскай — гішпанская, кітайская, тагальская, в'етнамская і арабская.