УСУ прарваліся ў цэнтр Тарэцка, акружаючы расейскае войска з двух бакоў
- 2.03.2025, 13:43
Украінскія вайскоўцы аднавілі кантроль над значнай часткай горада.
Украінскае войска нанесла магутны ўдар па расейскіх войсках у Тарэцку, вярнуўшы кантроль над ключавымі раёнамі ў цэнтры горада, паведамляе dialog.ua.
Гэта не толькі разбурыла планы РФ, але і паставіла пад пагрозу акружэння расейскую групоўку, якая зараз можа апынуцца ў пастцы.
Паводле інфармацыі Інстытута вывучэння вайны (ISW), УСУ змаглі рушыць наперад да вуліцы Талбухіна і шахты «Цэнтральная», аднавіўшы кантроль над значнай часткай горада. Геалакаваныя кадры пацвярджаюць, што ўкраінскія сілы развіваюць наступ як з поўначы, так і з паўднёвага ўсходу.
Расейскія прапагандысты, якія раней заяўлялі аб поўным кантролі над Тарэцкам, зараз прызнаюць, што горад па факце застаецца «шэрай зонай».
Блізкі да Мінабароны РФ z-канал «Рыбарь» паведамляе, што ўкраінскія войскі працягваюць контрнаступальныя дзеянні, а іх дыверсійныя групы актыўныя ў цэнтральных кварталах.
Аналітыкі OSINT і вайсковыя блогеры пацвярджаюць, што расейскія сілы рызыкуюць апынуцца ў аблозе.
Паводле апошніх звестак, украінскае войска змагло перарэзаць ключавыя шляхі забеспячэння акупантаў, а кантроль за паветрам дазваляе УСУ эфектыўна знішчаць тылавыя пазіцыі супраціўніка.
Украінская аперацыя ў Тарэцку не толькі змяніла сітуацыю на полі бою, але і сур'ёзна ўдарыла па расейскай прапагандзе.
Абяцанні Крамля аб «поўным захопе» горада разбіліся аб рэальнасць, УСУ працягваюць вызваленне акупаваных тэрыторый, дэманструючы высокі ўзровень падрыхтоўкі і тактычнай пісьменнасці.