Брытанія і Францыя пачынаюць працу над новым мірным планам для Украіны
- 2.03.2025, 13:09
Узгоднены з Украінай еўрапейскі план затым прадставяць ЗША.
Вялікая Брытанія, Францыя і яшчэ, магчыма, адна ці дзве краіны будуць працаваць з Украінай над новым мірным планам, які прадставяць ЗША.
Пра гэта паведаміў прэм'ер-міністр Вялікай Брытаніі Кір Стармер, піша The Guardian.
Стармер адзначыў, што адпаведныя дамоўленасці былі дасягнутыя падчас абмеркаванняў з прэзідэнтамі Украіны Уладзімірам Зяленскім і Францыі Эмануэлем Макронам.
Брытанскі прэм'ер мяркуе, што «Трамп хоча бачыць працяглы мір ва Украіне», нягледзячы на яго рыторыку і стаўленне да Зяленскага.
Адзначаецца, што пад «працяглым мірам» Стармер мае на ўвазе «ахоўны механізм ЗША», а таксама «гарантыі бяспекі», прадстаўленыя еўрапейскімі краінамі, а яшчэ - «моцную Украіну», узброеную абароннымі магчымасцямі, каб супрацьстаяць расейскаму ўварванню.
Са слоў Стармера, найгоршым з усіх вынікаў з'яўляецца парушэнне расейскім кіраўніком Уладзімірам Пуціным умоў узгодненай дамовы аб спыненні агню.
«Я дакладна разумею, што калі павінна быць дасягнутае пагадненне, калі павінна быць спыненне баявых дзеянняў, то гэта пагадненне трэба абараняць, бо найгоршым з усіх вынікаў з'яўляецца тое, што ёсць часовая паўза, а потым зноў прыходзіць Пуцін», - сказаў лідар Вялікай Брытаніі.
Ён дадаў, што «гэта здаралася ў мінулым», і таму трэба пераканацца, «што калі пагадненне будзе падпісанае, то гэта будзе доўгатэрміновае пагадненне, а не часовая паўза».