Важныя перамовы: Зяленскі сустракаецца з прэм'ер-міністрам Вялікай Брытаніі
- 1.03.2025, 21:03
Стармер заявіў, што Вялікая Брытанія будзе з Украінай "столькі, колькі спатрэбіцца".
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі сустракаецца з брытанскім прэм'ерам Кірам Стармерам пасля публічнай сваркі з прэзідэнтам ЗША Дональдам Трампам, паведамляе BBC.
Прэм'ер-міністр сустрэў прэзідэнта Украіны ў сваёй рэзідэнцыі на Даўнінг-стрыт, 10, і абняў яго.
Абодва з прамежкам у дзень на гэтым тыдні сустракаліся ў Белым доме з Дональдам Трампам, але калі Стармера там прынялі прыязна, то сустрэча з Зяленскім скончылася скандалам.
Зяленскі нічога не адказаў прысутным журналістам, якія гучна крычалі яму: «Якое вашае пасланне Дональду Трампу?» і «Ці можна яшчэ выратаваць угоду?»
На трансляцыі з рэзідэнцыі прэм'ер-міністра Кір Стармер цёпла прывітаў Уладзіміра Зяленскага і паўтарыў чарговым разам, што Вялікая Брытанія будзе падтрымліваць Украіну «столькі, колькі спатрэбіцца» - стандартная фармулёўка заходніх палітыкаў у апошнія тры гады, але новая адміністрацыя ў ЗША ёю больш не карыстаецца.
Стармер таксама звярнуў увагу, што мінакі віталі картэж украінскага прэзідэнта.