FT: Украіна зможа ваяваць без ваеннай дапамогі ЗША
- 1.03.2025, 15:09
Страта «некрытычная».
Пасля няўдалай сустрэчы Дональда Трампа і Уладзіміра Зяленскага ў Белым доме ўкраінцы прадоўжаць барацьбу з расейскай агрэсіяй без аднаго са сваіх ваенных хаўруснікаў у асобе ЗША, піша Financial Times.
Многія ўкраінцы, сярод якіх вайскоўцы, дэпутаты і чыноўнікі, настойваюць, што краіна зможа пратрымацца супраць Расеі прынамсі яшчэ шэсць месяцаў, нават без дадатковай дапамогі з боку Амерыкі.
Усё больш ваенныя дзеянні становяцца вайной дронаў і беспілотнікаў, а Украіна стала сусветнай лідаркай у распрацоўцы апошніх, канстатуе выданне.
Да прыкладу, палітычны дзеяч Мустафа Наем сцвярджае, што страта амерыканскай тэхнікі будзе «значнай, але не крытычнай», беручы да ўвагі змены ў характары вайны.
«Гэта вайна дронаў, і мы эксперты ў іх вытворчасці. У нас нават ёсць школа вытворчасці дронаў», – цытуе Наема Financial Times.
Кампаненты дронаў з ЗША, дадае ён, выкарыстоўваюцца «эканомна» і могуць быць замененыя. Больш за ўсё яго турбуе, калі ЗША перастануць дзяліцца выведнымі звесткамі, хоць ён не думае, што гэта верагодна.
Але нават пры ўзмоцненай еўрапейскай падтрымцы без дапамогі ЗША доўгую барацьбу будзе складана вытрымаць. Адзін неназваны высокапастаўлены дэпутат ад партыі «Слуга народа» выказаў меркаванне, што гэта будзе азначаць паступовую страту ўсё большай колькасці тэрыторый.