BE RU EN

Зяленскі патлумачыў Fox News сутнасць спрэчкі з Трампам

  • 1.03.2025, 11:59

І выказаў жаданне захаваць трывалыя сувязі з амерыканскім народам.

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі пасля скандальнай сустрэчы з Дональдам Трампам расказаў, што менавіта яго закранула і прывяло да публічнай сваркі, а таксама паразважаў, ці магчыма, на ягоную думку, выратаваць стасункі Украіны і ЗША. Тэкст інтэрв'ю Зяленскага апублікаваны на сайце Fox News.

– Спадар прэзідэнт, ці мяркуеце вы, што вашыя стасункі з прэзідэнтам Трампам пасля сённяшняга можна выратаваць? – спытаў Зяленскага вядоўца Fox News Брэт Баер.

– Так, вядома, таму што гэта стасункі не толькі паміж двума прэзідэнтамі. Гэта гістарычныя, трывалыя сувязі паміж нашымі народамі, і таму я заўсёды пачынаю з падзякі вашаму народу ад нашага народа, – сказаў Зяленскі. – Вядома, я ўдзячны прэзідэнту і, вядома, Кангрэсу, але перш за ўсё вашаму народу. Ваш народ дапамог выратаваць наш народ… Мы вельмі хацелі захаваць гэтыя трывалыя сувязі, і там, дзе гэта мае значэнне, мы іх захаваем.

Адказваючы на пытанне пра напружаную размову, Зяленскі сказаў, што ён «не ўпэўнены, што мы зрабілі нешта дрэннае», але прызнаў, што гэты інцыдэнт быў «дрэнным для абодвух бакоў».

– Я проста хачу быць сумленным і хачу, каб нашы партнёры правільна разумелі сітуацыю, а таксама хачу сам усё правільна разумець. Галоўнае для нас – не страціць наша сяброўства, – дадаў ён.

Зяленскага спыталі, што менавіта яго зачапіла падчас спрэчкі перад камерамі.

– Калі, напрыклад, кажуць, што Украіна амаль разбураная, што нашы салдаты бягуць, што яны не героі, што Украіна страціла мільёны цывільных асобаў, што яе прэзідэнт – дыктатар. Якая павінна быць рэакцыя? Рэч не ўва мне. Рэакцыя ў тым, дзе ж тады наша сяброўства паміж Украінай і ЗША? Гэтае пачуццё, – сказаў ён і заклікаў да карэктнасці ў апісанні вайны. – Гэта не жарт і не казка. Гэта рэальнае жыцьцё. Вось што я сказаў. І калі ты гаворыш гэта шмат разоў сваім вялікім сябрам, мы тут сёння вядзем дыялог, а потым яны зноў пачынаюць паўтараць тыя ж рэчы… гэта не найлепшы шлях для партнёраў, добрых партнёраў і сяброў.

Нагадаем, Уладзімір Зяленскі і Дональд Трамп сустрэліся ў Белым доме ў Вашынгтоне 28 лютага. Меркавалася, што два лідары падпішуць амерыканска-ўкраінскую ўгоду аб карысных выкапняў. Аднак сустрэча прайшла на павышаных тонах: Зяленскі вымушаны быў паспрачацца з Трампам і віцэ-прэзідэнтам ЗША Джэем Ды Вэнсам і пакінуў Белы дом датэрмінова. Пагадненне падпісанае не было.

Апошнія навіны