BE RU EN

«Сёння момант сысці»: Лукашэнка зладзіў істэрыку праз эканоміку

  • 1.03.2025, 9:55

Дыктатар прыгадаў галечу і «сівога каня».

Лукашэнка запатрабаваў ад ураду забяспечыць справядлівыя кошты на беларускіх прылаўках і зраўнаваць у правах прыватнікаў і дзяржаўныя прадпрыемствы. Пра гэта ён заявіў 28 лютага на нарадзе ў Менску.

«Калі вы думаеце, што вось да выбараў пацерпім, як гэта ў іншых краінах бывае, а пасля выбараў гэта пойдзе само сабой, як заўсёды было, уратуй вас Бог ад гэтага. Расстрэльны артыкул як мінімум!» – жорстка папярэдзіў чыноўнікаў Аляксандр Лукашэнка.

Ён пагадзіўся, што гэтая праца патрабуе вялікіх намаганняў і праблема сапраўды складаная. А вось калі, паводле словаў палітыка, дзейнічаць паводле простай схемы «попыт і прапанова», то ўсё будзе проста і нічога рабіць не трэба.

«Гэта ж нагрузка. Каму хочацца працаваць. Дык я па-людску вам кажу: хто не можа і не хоча, не сядзіце на гэтых пасадах. Не хочаце – ідзіце. Я нікога не прывязаў. Сёння момант прыгожа сысці. Але адступлення не будзе, – цытуе Лукашэнку ягоная прэс-служба. – Мы ж з вамі ўсе практычна выйшлі калі не з галечы… Я з галечы. Я ведаю, як жылося простым бедным людзям. І вы ж не міністэрскія дзеткі».

«Вы ж не забыліся, як жывуць звычайныя людзі. Давайце ім дапаможам. Лайдакоў, якія ходзяць бразгаюць языкамі, прымусім працаваць. Я таксама такое ўказанне даў. На сябе ўзяў, распарадзіўся. Уся ўлада ў нашых руках. А гаварыць пра тое, што «вось такі Еўразвяз, амерыканцы такія, у Расеі…» Нам няма чаго на іх раўняцца. Расея, калі захоча, найбагацейшай краінай будзе. Амерыканцы захочуць – надрукуюць колькі трэба даляраў. Еўрапейцы – тэхналагічныя краіны, адбудаваныя. Прыйдуць нармальныя кіраўнікі, будзе Еўрапейскі Звяз працаваць. А нам што рабіць у гэтым атачэнні? Ваяваць, як ва Украіне? Усё пачынаецца з эканомікі, 25-ы раз пра гэта кажу», – падкрэсліў Лукашэнка.

Ён даручыў ураду выпрацаваць новую форму справядлівага коштаўтварэння. Аднак што маецца на ўвазе пад гэтай справядлівасцю?

«Па-першае, для спажыўца, простага чалавека, справядлівасць заключаецца ў адсутнасці спекуляцый і ў разумным кошце канчатковага прадукту. Я не кажу, што "Гучы", "Версачэ" і іншае. Хочаш – набывай імпартнае. Але мы ж можам вырабіць аналагічны прадукт, – звярнуў увагу Лукашэнка. – Другое. Для прадпрыемстваў – тых, хто вырабляе – справядлівасць павінна мець на ўвазе адэкватны прыбытак. Але прыбытак – гэта кошт мінус выдаткі. Хочаце больш прыбытку, з мэрсэдэса перасаджвайцеся на сівога каня. Я па-народнаму гавару».

Апошнія навіны