У Беларусі вырасла колькасць перавозак завышанымі тарыфамі
- 5.02.2025, 18:21
Гаворка пра паездкі ў таксі "ад борта".
У Беларусі вырасла колькасць перавозак неабгрунтавана завышанымі тарыфамі. Гаворка пра паездкі ў таксі "ад борта", паведамляе Мінтранс.
Тарыфы на перавозкі пасажыраў у таксі не рэгулююцца дзяржавай. Аднак пасажыру трэба звярнуць увагу на некалькі момантаў, каб не пераплаціць. У салоне аўто на бачным для пасажыра месцы павінна быць візітоўка кіроўцы, кантакты перавозчыка і ўсе тарыфы, у тым ліку за 1 км днём і ноччу, за межамі горада, кошт пасадкі і прастою.
Пры замове аўтамабіля ад борта трэба ўдакладніць у кіроўцы прыблізны кошт паездкі ў рублях. Гэта павінна быць сума, а не фразы ў адказ на ваша пытанне: "згодна з лічыльнікам" ці "згодна з тарыфам".
Тым часам у рэестры таксі ўжо больш за 20 тысяч аўтамабіляў і больш за 26 тысяч кіроўцаў.
У студзені гэтага года эканамічны суд Менскай вобласці прыцягнуў да адміністрацыйнай адказнасці за нелегальную працу трох перавозчыкаў. Штраф склаў да 1260 рублёў.
Патрабаванне аб уключэнні перавозчыкаў таксі ў рэестр набыло моц з 1 лістапада 2024 года.