ДАІ Менска абвясціла аб выдачы дзяржнумароў з рэгіёнам «8»
- 28.02.2025, 18:45
Каму менавіта яны будуць належаць і з чым звязаная такая пастанова?
Начальнік управы ДАІ ГУУС Менгарвыканкама Сяргей Бабіч паведаміў, што неўзабаве ўладальнікам транспартных сродкаў пачнуць выдаваць дзяржнумары з рэгіёнам «8», які пакуль яшчэ не сустрэнеш на беларускіх дарогах. Ён растлумачыў, каму менавіта яны будуць належаць і з чым звязаная такая пастанова.
Выяўляецца, усё проста: у ДАІ пачалі заканчвацца знакі для легкавых аўтамабіляў сталіцы, якія належаць да сёмага рэгіёну. Менавіта таму пастанавілі выдаваць новыя дзяржнумары з лічбай «8». Яны таксама як і «7» будуць належаць да Менска.
«Не буду хаваць ад нашых слухачоў, што ўжо так, заканчваюцца ў нас нумары сёмага рэгіёну, і ў далейшым будзе выкарыстаны дзяржнумар з рэгіёнам 8», - растлумачыў Сяргей Бабіч у эфіры праграмы на «Радио Минск».