Стала вядома, што абмяркуюць лідары ЕЗ на спецыяльным саміце наконт Украіны
- 28.02.2025, 18:03
Сустрэча адбудзецца 6 сакавіка.
На спецыяльным саміце ЕЗ 6 сакавіка, прысвечаным бяспецы і дапамозе Украіне, еўрапейскія лідары плануюць прыняць спіс прынцыпаў, у адпаведнасці з якімі павінны праводзіцца мірныя перамовы. Аб гэтым паведамляе карэспандэнт FREEДОМ у Еўропе са спасылкай на суразмоўцу ў дыпламатычных колах.
Плануецца, што пералік прынцыпаў увойдзе ў высновы паводле вынікаў пасяджэння. Сярод іх наступныя:
немагчымасць правядзення перамоў наконт Украіны без удзелу самой Украіны;
немагчымасць перамоў, якія могуць уплываць на еўрапейскую бяспеку, без удзелу Еўрапейскага Звязу, бо Украіна і бяспека Еўропы непарыўна звязаныя;
спыненне агню можа разглядацца толькі як частка ўсёабдымнага мірнага пагаднення, якое павінна суправаджацца надзейнымі гарантыямі бяспекі для Украіны.
Чакаецца таксама, што Еўрапейская Рада прапануе вярхоўнай прадстаўніцы ў замежных справах і палітыцы бяспекі Каі Калас вывучыць умовы для далейшага ўдзелу Еўразвяза ў гарантыях бяспекі для Украіны.
Гэта ўключае вывучэнне варыянтаў палітычнай, фінансавай і аперацыйнай падтрымкі. У тым ліку з дапамогай інструментаў агульнай палітыкі бяспекі і абароны (CSDP), што дазваляе ЕЗ адыгрываць вядучую ролю ў аперацыях па падтрыманні міру, прадухіленні канфліктаў і ўмацаванні міжнароднай бяспекі.
Плануецца, што гэта будзе зроблена ў рамках кансультацый з Украінай і партнёрамі ў кантэксце будучага мірнага пагаднення.
Акрамя таго, як піша Bloomberg, лідары ЕЗ на сустрэчы 6 сакавіка абмяркуюць прызначэнне спецпасланніка, які прадстаўляе Еўразвяз у магчымых мірных перамовах па вайне Расеі супраць Украіны.