BE RU EN

Эксперт: У РФ няма шанцаў знайсці новыя судны для «ценявога флоту»

  • 28.02.2025, 17:44

Расея, фактычна, падставіла сама сябе.

Апошні 16-ы пакет санкцый ЕЗ супраць Расеі закрануў 74 танкеры, якія Крэмль выкарыстоўвае для абыходу нафтавых абмежаванняў. У выніку ў чорным спісе ўжо кожнае другое судна расейскага «ценявога флоту». Хутка аднавіць гэты флот Крэмль ужо не зможа - патрэбных яму караблёў у свеце практычна не засталося.

Пра гэта распавёў стратэгічны дарадца «Razom We Stand» Алег Савіцкі ў інтэрв'ю «Мы - Украіна». З яго слоў, у РФ няма шанцаў знайсці новыя 74 судны для «ценявога флоту» ў кароткатэрміновай перспектыве.

«За апошнія гады яны паднялі практычна ўвесь хлам з марскога суднаходства. Яны выкуплялі танкеры, якім па 20-30 гадоў - металалом, ад якога вельмі радасна пазбаўляліся суднаўладальнікі. Далей такімі тэмпамі пашыраць ценявы флот Расея проста не зможа», - растлумачыў эксперт.

Ён таксама адзначыў, што праблема палягае і ў колькасці даступных танкераў, і ў іх кошце. Расея, фактычна, падставіла сама сябе, стварыўшы павышаны попыт на суднаходны металалом, які і паўплываў на яго кошт.

«Гэтых старых танкераў вельмі мала засталося - яны іх практычна ўсе выкупілі. Ды і кошты суднаў таксама выраслі. Таму што ўсе разумеюць, што ў Расеі вельмі вялікая цікавасць да суднаў, і адпаведна зараз іх купляць яшчэ даражэй, і даступных суднаў стала значна менш», - распавёў Савіцкі.

Апошнія навіны