Акадэміяў не канчалі
- Ірына Халіп
- 28.02.2025, 12:18
Дзве простыя мовы для гутаркі з дыктатарамі.
Дыктатары пры ўсёй сваёй неадукаванасці заўсёды выдатна разумеюць дзве мовы - мову сілы і мову грошай. На гэтых дзвюх мовах з імі заўсёды выдатна размаўлялі і працягваюць размаўляць заходнія лідары. Мова плачу аб палітвязнях, мова заломвання рук, мова глыбокай устурбаванасці і асуджэння - гэта невядомыя, тарабарскія, мёртвыя мовы для дыктатараў. Ім прасцей вывучыць старажытнагрэцкую, чым навучыцца адказваць на рэплікі, вымаўленыя носьбітамі мовы глыбокай устурбаванасці.
Дональд Трамп учора ануляваў ліцэнзію амерыканскай кампаніі Chevron, якая дазваляла ёй здабываць і імпартаваць у ЗША венесуэльскую нафту. Чыннікі простыя - невыкананне абяцанняў стварыць умовы для дэмакратычных выбараў і дамоўленасцяў аб вяртанні на радзіму венесуэльскіх мігрантаў, якія выправаджваюцца з ЗША. Міністарка вуглевадародаў Венесуэлы Дэлсі Радрыгес ужо заявіла, што амерыканскія інвестыцыі ненадзейныя ва ўсім свеце, паколькі іх у кожны момант могуць адклікаць, і што Штаты наносяць шкоду самі сабе - усё гэта, хіба што крыху з іншым акцэнтам, мы таксама шмат разоў чулі. І пра даляры, якія нікому ў свеце не патрэбныя, і пра тое, што адпачываць за мяжой ніхто не хоча, і пра стрэлы Захаду сабе ў нагу, і пра многае іншае.
Дарэчы, сама па сабе нафтавая ўгода з Венесуэлай таксама была вынікам дыялогу на мове грошай і сілы. У лістападзе 2022 года ўрад ЗША змякчыў санкцыі і дазволіў кампаніі Chevron займацца ў Венесуэле здабычай нафты і яе імпартам. Гэта быў адказ на аднаўленне перамоў паміж уладай і апазіцыяй Венесуэлы аб стварэнні ўмоў для правядзення дэмакратычных выбараў. "Гэтая мера адлюстроўвае доўгатэрміновую палітыку ЗША часткова змякчаць санкцыі ў залежнасці ад канкрэтных крокаў, якія аслабляюць бедствы венесуэльскага народа і падтрымліваюць аднаўленне дэмакратыі", - было напісана ў паведамленні Мінфіна ЗША.
У кастрычніку 2023 года, калі пасля перамоў у сталіцы Барбадаса Брыджтаўне прадстаўнікі венесуэльскай апазіцыі і ўлады падпісалі пагадненне аб арганізацыі выбарчага працэсу, ЗША яшчэ крыху аслабілі санкцыі ў дачыненні да нафтагазавага і золатаздабывальнага сектара Венесуэлы. Усяго і заставалася, што правесці дэмакратычныя выбары. Але гэта было Мадуру не пад сілу. Цяпер толькі і застаецца, што гарлапаніць аб ненадзейнасці амерыканскіх інвестыцый.
Мне гэта нагадала гісторыю з вызваленнем Аляксандра Казуліна. Яго арыштавалі пасля пратэстаў 2006 года і прысудзілі да пяці з паловай гадоў пазбаўлення волі. У турмах тады сядзелі Мікалай Аўтуховіч, Артур Фінькевіч, Зміцер Дашкевіч, Андрэй Клімаў, Андрэй Кім і Сяргей Парсюкевіч. 13 лістапада 2007 года ЗША ўвялі санкцыі супраць канцэрна "Белнафтахім". Ужо ў лютым 2008 года Лукашэнка вызваліў чацвярых палітвязняў. Праўда, пра Казуліна ён тады сказаў, што той сам адмовіўся выходзіць з турмы. І 7 сакавіка 2008 года Мінфін ЗША заявіў аб пашырэнні санкцый на ўсе прадпрыемствы беларускага нафтахімічнага комплексу з дзеллю дзяржавы 50 і больш адсоткаў. Тагачасны намеснік дзяржсакратара ЗША ў пытаннях дэмакратыі, правоў чалавека і працы Дэвід Крамер наўпрост заявіў, што пашырэнне санкцый - адказ на нежаданне беларускіх уладаў вызваліць Аляксандра Казуліна. А ў траўні Амерыка ўвяла санкцыі супраць прадпрыемстваў "Лакафарба" і "Шкловалакно".
У жніўні Казулін, Парсюкевіч і Кім былі вызваленыя. Праз тры дні ў Менск прыляцеў прадстаўнік Дзярждэпартамента ЗША Дэвід Меркел. Вызваленне палітвязняў, каментаваў тады Дзярждэп, адкрывае магчымасць істотнага паляпшэння стасункаў паміж ЗША і Беларуссю. У якасці жэсту ў адказ ЗША скасавалі санкцыі супраць “Лакафарбы” і “Шкловалакна”. У кастрычніку і Еўразвяз зняў візавыя санкцыі з беларускіх чыноўнікаў. А далей можна было абвяшчаць мір і сяброўства, атрымліваць крэдыты і інвестыцыі: усяго і патрабавалася, што не саджаць людзей і правесці сумленныя выбары. Дарэчы, калі б у 2010 годзе Лукашэнка не разагнаў пратэсты і не пасадзіў кандыдатаў у прэзідэнты і дзясяткі пратэстоўцаў - на нелегітымнасць, магчыма, Захад і не звярнуў бы асаблівай увагі. Так, прызналі б выбары недэмакратычнымі, але абышліся б без санкцый. Усе дома, ніхто не сядзіць у турме, партыі і няўрадавыя арганізацыі зарэгістраваныя, акцыі пратэсту праходзяць, “Народная воля” ў шапіках прадаецца – вось і добра. І Лукашэнка мог бы на Манмартры з Ярмошынай каву піць ды круасанам закусваць.
Але ён зрабіў іншы выбар. І свету нарэшце час зноў згадаць, што дыктатары не разумеюць ні слёз, ні просьбаў, ні заклікаў. Яны гавораць на мове сілы і мове грошай, а ўсе астатнія для іх - абракадабра, белы шум, бессэнсоўны набор гукаў. Дыктатары ж простыя і зразумелыя, як кампосцеры: акадэміяў не канчалі, па-агліцку не шпрэхаюць.
Ірына Халіп, спецыяльна для Charter97.org