Макрон угаварыў Трампа сустрэцца з Зяленскім
- 27.02.2025, 18:15
Прэзідэнт ЗША хацеў скасаваць сустрэчу.
Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп хацеў скасаваць візіт украінскага прэзідэнта Уладзіміра Зяленскага ў Вашынгтон 28 лютага, але французскі лідар Эмануэль Макрон яго пераканаў не рабіць гэтага.
Пра гэта паведамляе BFMTV у чацвер, 27 лютага, са спасылкай на крыніцы.
Паводле звестак суразмоўцаў тэлеканала, 26 лютага прэзідэнт Украіны атрымаў паведамленне ад адміністрацыі ЗША, што яму не варта ехаць у Вашынгтон для сустрэчы з Дональдам Трампам. Пасля гэтага Зяленскі нібыта патэлефанаваў Макрону, які сам звязаўся з Дональдам Трампам, просячы яго прыняць свайго ўкраінскага калегу і дадаючы, што бярэ на сябе адказнасць.
Нарэшце Дональд Трамп пагадзіўся, кажуць крыніцы французскага тэлеканала.
Журналісты адзначылі, што размова «абяцае быць напружанай», бо прэзідэнт ЗША назваў свайго ўкраінскага калегу «дыктатарам» і ўсклаў на яго адказнасць за пачатак вайны, падтрымліваючы наратыў Крамля.
26 лютага Зяленскі пацвердзіў свой візіт у Вашынгтон 28 лютага і заявіў аб падрыхтоўцы да перамоў.