Беларусь увяла «белы пашпарт» для ўкраінцаў
- 27.02.2025, 15:19
Увядзенне можа быць звязанае са зборам інфармацыі расейскімі спецслужбамі.
Беларусь узмацніла жорсткасць правіл перасячэння гуманітарнага калідора Макраны-Даманава. Цяпер украінцам з часова акупаваных тэрыторый без замежнага пашпарта трэба афармляць так званы «белы пашпарт». Што гэта за дакумент і якія складанасці ўзнікаюць у тых, хто перасякае мяжу - разбіраўся ўкраінскі сайт «Навіны Данбаса».
Пункт пропуску «Макраны» знаходзіцца за 50 кіламетраў ад Берасця. Дабрацца да яго па тэрыторыі Беларусі можна на грамадскім транспарце, таксоўцы ці праз перавозчыкаў. Ад пераходу «Даманава» да валынскага Ковеля - 77 км. У ТГ-каналах людзі дзеляцца досведам перасячэння мяжы і шукаюць спадарожнікаў.
«За апошнія 2 месяцы трое знаёмых ехалі праз Макраны, засталіся задаволеныя - танна, без лішніх нерваў, але (!) там пешшу ісці амаль 2 км, дарога асфальт і нібыта з нейтральнай паласы Украіна можа даць вазок», - піша карыстальніца Дар'я.
Аднак, каб трапіць на пункт пропуску «Макраны» з Расеі, украінцам патрэбны расейскі пашпарт, паведамляюць удзельнікі чатаў.
«Замежны расейскі трэба мець, у Беларусі папрасілі даць не толькі ўнутраны, але і замежны расейскі. Сказалі, вы едзеце за мяжу, у вас павінен быць расейскі замежны. Я дала яго ім. Усё нармальна. Усім добрай паездкі! Фізічна цяжка, і маральна таксама, але ўсё можна пераадолець, калі ёсць мэта і разуменне!» — расказвае Ксюша.
На адрэзку Макраны-Даманава мяжу могуць перасекчы толькі грамадзяне Украіны, толькі пешшу і толькі ў адзін бок - у бок Украіны.
«Адлегласць пешага пераходу 2 км. Час для яго праходжання ў кожнага свой. Малады праходзіць за 20 хвілін, а чалавек ва ўзросце можа ісці і 2 гадзіны. Агульны час праходжання дзвюх граніц і пешага пераходу займае прыблізна 4 гадзіны. Калі дакументы ў парадку - праблем ніякіх няма і нюансаў таксама», - дзеліцца досведам Антон.
Але зараз складанасці могуць узнікнуць у многіх, хто хоча вярнуцца з часова акупаваных тэрыторый. Беларусь змяніла правілы выезду. Раней беларускія памежнікі прапускалі людзей з усімі ўкраінскімі дакументамі, ці то ўнутраны пашпарт, пасведчанне аб нараджэнні ці пасведчанне кіроўцы. Цяпер без замежпашпарта перасекчы мяжу немагчыма. Для гэтага неабходна атрымаць «белы пашпарт» - неафіцыйную назву праязнога дакумента, які выдаюць у консульстве Украіны ў Беларусі пры адсутнасці замежпашпарта. Афіцыйная назва - «праязны дакумент для вяртання ва Украіну».
Для яго атрымання трэба звярнуцца ў консульства Украіны ў Менску, пацвердзіць грамадзянства, прадставіўшы унутраны пашпарт або пасведчанне аб нараджэнні, і чакаць дакумент да месяца. Увесь гэты час давядзецца заставацца ў Беларусі.
Пешаходны гуманітарны калідор можна перасякаць толькі адзін раз. Калі чалавек вярнуўся на акупаваную тэрыторыю, зноў перасекчы мяжу праз Беларусь ён не зможа - памежнікі не прапусцяць. Адзіны выхад - складаны маршрут праз краіны Балтыі або Грузію, але толькі пры наяўнасці ўкраінскага замежпашпарта.
Але і агулам патрапіць на акупаваныя тэрыторыі без расейскага пашпарта становіцца ўсё складаней. Адзіны шлях - праз Маскву, аэрапорт Шарамеццева, дзе людзей фільтруюць. Толькі 20% украінцаў паспяхова гэта праходзяць, астатніх разгортваюць. У некаторых выпадках расейскія спецслужбы ставяць штамп дэпартацыі на 5, 10 ці 20 гадоў, што робіць вяртанне ў акупаваныя рэгіёны немагчымым.
«Што тычыцца мяне, пры ўездзе ў РФ стараюся быць нешматслоўнай. Еду з Грузіі, на пытанне, дзе была, адказваю: «У Тбілісі». А калі пытаюцца, ці была яшчэ недзе, адказваю — была. І калі пытаюцца, ці ёсць украінскі пашпарт, тут без пытанняў - дастаю ўнутраны расейскі і ўкраінскую біяметрыю і чакаю таварыша са спецаддзела на размову. Але непасрэдна на пашпартным кантролі даю мінімум інфармацыі аб сваіх перамяшчэннях», - дзеліцца Даша.
На думку перавозчыкаў, увядзенне «белага пашпарта» можа быць звязанае са зборам інфармацыі расейскімі спецслужбамі.