«Не здымуць, а зробяць больш жорсткім»: Грэф заклікаў не чакаць змякчэння санкцый за Трампам
- 27.02.2025, 15:08
Кіраўнік Сбербанка агучыў змрочны для РФ сцэнар.
Расея наўрад ці вызваліцца ад санкцый, нягледзячы на аднаўленне кантактаў паміж Масквой і Вашынгтонам за прэзідэнтам ЗША Дональдам Трампам, заявіў кіраўнік Сбербанка Герман Грэф.
«Мы зыходзім са сцэнару, што ніякія санкцыі не здымуць. Больш за тое, мы зыходзім з сітуацыі, што санкцыі зробяць больш жорсткімі», - сказаў ён падчас званка з інвестарамі (цытата па РБК).
Грэф зазначыў, што, калі абмежаванні ўсё ж знімуць, то гэта палепшыць эканамічную сітуацыю ва ўсіх сферах. Дарэчы, зменяцца дысконты на нафту, пачнецца прыток замежнага капіталу, упадуць транзакцыйныя выдаткі, адбудзецца спрашчэнне разлікаў. З яго слоў, такі варыянт таксама прапрацоўваецца, бо «ўсё можа быць». Пасля ўварвання Расеі ва Украіну Сбербанк адключылі ад сістэмы SWIFT. Еўразвяз і Швэйцарыя ўвялі супраць яго блакавальныя санкцыі, Вялікая Брытанія замарозіла актывы, а ЗША ўнеслі ў чорны спіс SDN. Зняцце санкцый і вяртанне заходніх кампаній сталі абмяркоўваць пасля званка Трампа прэзідэнту Расеі Уладзіміру Пуціну і першых з пачатку вайны ва Украіне перамоў Масквы і Вашынгтона. Аднак амерыканскі лідар заявіў, што ЗША не стануць змякчаць абмежаванні ў працэсе ўрэгулявання - гэтае пытанне будзе абмяркоўвацца толькі тады, калі ва Украіне наступіць мір і будзе падпісанае адпаведнае пагадненне.
У трэція ўгодкі ўварвання ЗША не сталі ўводзіць новыя санкцыі супраць Расеі, у адрозненне ЕЗ і Вялікай Брытаніі. Пры гэтым еўрапейскія ўлады працягваюць працу па ўзмацненні дзейных захадаў, аб чым яны заяўлялі яшчэ да зацвярджэння апошняга, 16-га пакета абмежаванняў.