Bloomberg: ЕЗ выдаткуе на ваенныя патрэбы сотні мільярдаў еўраў
- 27.02.2025, 14:51
Гэта найбуйнейшая ініцыятыва ў сферы бяспекі з часоў Халоднай вайны.
Еўрапейскі Звяз разлічвае выдаткаваць сотні мільярдаў еўраў на дадатковае фінансаванне абароны. Гэта адбудзецца ў рамках найбуйнейшай у рэгіёне ініцыятывы ў сферы бяспекі з часоў Халоднай вайны.
Пра гэта паведамляе Bloomberg.
Паводле інфармацыі крыніц агенцтва, гэтыя лічбы ўключаюць змены ў фіскальных правілах для вызвалення нацыянальных рэсурсаў, патэнцыйнае супольнае фінансаванне і перанакіраванне існых сродкаў. Асобна ад ініцыятыў ЕЗ Нямеччына імкнецца паскорыць фінансаванне абароннага фонду за кошт пазыкі ў суме да 200 млрд еўраў.
«У гэты момант, які здараецца раз за пакаленне, нам патрэбны настрой на тэрміновую неабходнасць і стратэгічны план па пераўзбраенні Еўропы», – заявіла пасля паездкі ва Украіну прэзідэнтка Еўрапейскай камісіі Урсула фон дэр Ляен.
Новая архітэктура бяспекі пачне фармавацца на надзвычайнай нарадзе лідараў 6 сакавіка. Потым 19 сакавіка камісар у абароне Андрус Кубілюс і галоўная дыпламатка Кая Калас павінны прадставіць новую стратэгію абароннай прамысловасці.
План ЕЗ
План абароны фон дэр Ляен будзе складацца з трох элементаў. Усе яны складаныя, і незразумела, у якой ступені яны будуць рэалізаваныя, заявілі крыніцы агенцтва.
Першая ініцыятыва павінна дазволіць дзяржавам-сябрам павялічыць выдаткі за кошт змякчэння фіскальных правіл. Са слоў некаторых чыноўнікаў, гэта можа дапамагчы мабілізаваць не менш за 160 млрд еўраў.
Перамовы сканцэнтраваныя на выключэнні выдаткаў на абарону з разлікаў дэфіцыту, і яны могуць скласці ад 1 адсотка да 2 адсоткаў ад нацыянальнага ВУП за два-чатыры гады. Неабходна ўладзіць дэталі, у тым ліку тое, што ўважаецца за выдаткі на абарону, як доўга будзе дзейнічаць гэтая агаворка і ці будзе дасягненне мэтавага паказчыка NATO 2% фактарам.
Другая частка палягае ў забеспячэнні выдаткаў на ўзроўні ЕЗ з дапамогай новага супольнага інструмента. Гэтыя грошы ў асноўным будуць выкарыстоўвацца для інвеставання ў агульныя праекты ў такіх галінах, як супрацьпаветраная абарона, магчымасці далёкага ўдару, ракеты, беспілотнікі і штучны інтэлект ваеннага ўзроўню.
Некаторыя высокапастаўленыя службовыя асобы ЕЗ і дзяржавы-чальцы заклікаюць да магчымасці супольнага запазычання, аднак гэтая ідэя заўсёды выклікае спрэчкі і расколвае блок.
Трэцяя частка палягае ў паслабленні інвестыцыйных абмежаванняў для Еўрапейскага інвестыцыйнага банка. Цяпер яму дазволена інвеставаць толькі ў тавары двайнога прызначэння. Змяненне таксама адкрые шлях для дадатковага фінансавання з боку прыватных банкаў.
Дадатковыя крыніцы
Са слоў крыніц, акрамя гэтых трох кампанентаў фон дэр Ляен падчас закрытых абмеркаванняў агучыла ідэю аб магчымым паўторным выкарыстанні нявыдаткаваных сродкаў ЕЗ, уключаючы сродкі, сабраныя на аднаўленне пасля пандэміі COVID.
Паводле звестак камісіі, з 392 млрд еўраў так званых фондаў згуртавання было выплачана толькі 6,4%. Гэта адзін з найбуйнейшых фондаў грошай ЕЗ, і хоць гэтыя грошы могуць фінансаваць некаторыя абаронныя праекты, калі яны садзейнічаюць рэгіянальнаму развіццю, крытэрыі могуць быць пашыраныя.
Акрамя таго, ёсць 93 млрд еўраў незапатрабаваных танных крэдытаў з фонду аднаўлення пасля пандэміі, якія, са слоў чыноўнікаў ЕЗ, могуць быць скарыстаныя для абароны. Частка заяўленых сродкаў таксама можа быць пераразмеркаваная, але час падціскае, бо крайні тэрмін выдаткоўвання сродкаў на аднаўленне - жнівень 2026 года.
Іншая ідэя, якая была выказаная, - гэта задзейнічаць Еўрапейскі стабілізацыйны механізм - фонд выратавання еўразоны ў суме 500 млрд еўраў. Але гэты варыянт застаецца складаным, бо ён выключыць краіны, якія не ўваходзяць зону еўра, такія як Польшча, і будзе закрыты для хаўрусных краін, якія не ўваходзяць у ЕЗ.
Улічваючы складанасць, звязаную з кожнымі пастановамі ЕЗ, краіны, у тым ліку Польшча, прапанавалі супрацоўнічаць за межамі блока праз спецыяльны фонд або банк. «Кааліцыя ахвочых» магла б дзейнічаць хутчэй і магла б быць адкрытая для краін, якія не ўваходзяць у ЕЗ, такіх як Вялікая Брытанія і Нарвегія, заявілі крыніцы агенцтва.