У Беларусі пачалі прадаваць авіятуры ў Балгарыю
- 26.02.2025, 20:23
Колькі каштуюць.
Плынь беларусаў у Балгарыю ў найбліжэйшы час сур'ёзна павялічыцца – аператары зноў сталі прадаваць авіятуры ў гэтую краіну. Праўда ёсць нюансы.
З Менска самалёты на балгарскія курорты не лятаюць ужо амаль чатыры гады. Прыхільнікі Сонечнага Берагу і Залатых Пяскоў, вядома ж, знаходзілі шляхі, як дабрацца туды. У асноўным па зямлі.
Цяпер з'явіўся шанец скіравацца на мора на самалёце.
«Турысты вельмі засумавалі па духмяных ружах, шопскай салаце, сакавітых таматах, смачнай садавіне і балгарскай гасціннасці», – тлумачыць тураператар, чаму было пастаноўлена зноў заняцца гэтым кірункам.
Але ўсё не так проста. Самалёты з Менска будуць лятаць праз Стамбул. У анлайн-падборы таксама можна знайсці рэйсы з Вільні, Каўнаса і Варшавы.
Усяго прапануецца сем курортаў: Сонечны Бераг, Залатыя Пяскі, Несебр, Аленітэ, Албена, Святы Улас і Сазопаль.
Падарожжа ў Балгарыю ў любым выпадку атрымаецца таннейшым, чым у Турцыю і Егіпет.
Напрыклад, сямідзённы адпачынак на аднаго з вылетам з Варшавы ў трохзоркавым гатэлі будзе каштаваць ад €462, у чатырохзоркавым – ад €614.