BE RU EN

Каля берагоў Польшчы ў сетках заблытаўся гарбаты кіт

  • 26.02.2025, 19:41

Яго ратавалі чатыры гадзіны.

Каля курортнага горада Мендзыздрое, што на паўночным захадзе Польшчы, ратавальнікі і зоаабаронцы некалькі гадзінаў вызвалялі з рыбалоўных сетак гарбатага кіта.

Пра гэта паведамляе Wirtualna Polska.

Спачатку фатаграфію марскога млекакормнага апублікаваў у сацыяльных сетках дырэктар Марской пошукава-выратавальнай службы Польшчы Себасцьян Клюска. Жывёла заблыталася ў рыбалоўных сетках у Балтыйскім моры каля польскага Мендзыздрое.

У выратаванні жывёлы ўдзельнічалі, акрамя ратавальнікаў, прадстаўнікі мясцовага прыродаахоўнага парку.

Для дакладнай ацэнкі сітуацыі выкарыстоўваўся дрон. Ратавальнікі Марской пошукава-выратавальнай службы засталіся на беразе, а да кіта на лодках падплылі супрацоўнікі Валінскага нацыянальнага парку, што на аднайменным востраве.

«Менавіта яны вызвалілі жывёлу», – удакладніў Рафал Гек, прадстаўнік Марской пошукава-выратавальнай службы, у каментары Wirtualna Polska.

Паводле ацэнкі Гека, акцыя выратавання доўжылася ўсяго чатыры гадзіны.

«Гэты выпадак з кітом – трэці на маёй памяці», – сказаў ён, дадаўшы, што ў двух папярэдніх выпадках жывёлы, на жаль, не выжылі.

У водах Балтыйскага мора гарбатыя кіты сустракаюцца вельмі рэдка. Навукоўцы да гэтага часу даследуюць прычыны міграцыі гэтых буйных марскіх млекакормных.

Апошнія навіны