Падступны сакавік: сіноптыкі расказалі, якім будзе пачатак вясны для беларусаў
- 26.02.2025, 17:53
Экспэрты абяцаюць дзве хвалі цяпла.
У Беларусі вось-вось надыдзе каляндарная вясна. І яна ўжо рыхтуе сюрпрызы, піша «Точка»
Сіноптыкі гавораць, што сакавік будзе вельмі непрадказальным.
Але вось апошні дзень зімы сюрпрызаў не абяцае.
Тэмпература мінімальная ўночы будзе ад +1°С па захадзе да -10°С па ўсходзе краіны, максімальная ўдзень - ад 0 да +7°С, паведамляе Белгідрамет.
Надвор'е на 1 сакавіка
З пачаткам вясны на большай частцы тэрыторыі краіны пройдуць ападкі ў выглядзе мокрага снегу і дажджу.
Вецер пераменных кірункаў сярэдні, месцамі парывісты. Тэмпература паветра мінімальная ўночы складзе ад -5 да +2°С, максімальная ўдзень - ад -1 да +6°С.
Ці будзе цеплыня на 8 сакавіка?
Дзве хвалі цяпла абяцаюць аўтары тэматычнага Telegram-канала "Надвор'е".
Кароткая хваля будзе доўжыцца з 3 да 4 сакавіка. А потым чакаецца прыход і больш грунтоўнага цяпла. Другая сакавіцкая хваля пачнецца з 6-га чысла.
Таму на 8 сакавіка папярэдні прагноз такі:
"У Беларусі 6-8 сакавіка варта чакаць +10...+14°С, а па захадзе тэмпература можа падняцца і да +16°С", - адзначылі сіноптыкі.
Аднак пры гэтым такі працяглы перыяд сухога надвор'я дае неспрыяльны прагноз аб запасах глебавай вільгаці на значнай тэрыторыі Беларусі.