Сябрука Лукашэнкі прысудзілі да года турмы
- 26.02.2025, 16:26
І забаранілі на шэсць гадоў займаць пасаду прэзідэнта.
Суд Босніі і Герцагавіны прысудзіў прэзідэнта Рэспублікі Сербскай Міларада Додзіка да года турмы. Акрамя таго, палітыку забаранілі займаць пасаду прэзідэнта тэрмінам на шэсць гадоў.
Гэтая пастанова суда першай інстанцыі, яе можна абскардзіць, піша avaz.ba.
Додзіка абвінавацілі ў непадпарадкаванні Вярхоўнаму прадстаўніку Босніі і Герцагавіне Крысціяну Шміту. У 2023 годзе Народны сход Рэспублікі Сербскай (гэта частка федэрацыі Босніі і Герцагавіны) прыняў закон, паводле якога пастановы Вярхоўнага прадстаўніка не будуць публікавацца ў "Афіцыйным весніку". Аднак да ўступлення закона ў дзеянне Вярхоўны прадстаўнік Крысціян Шміт скасаваў яго.
Додзік абвясціў, што ўсё адно падпіша ўказ аб увядзенні закона ў дзеянне. Тады Шміт унёс папраўкі ў Крымінальны кодэкс Босніі і Герцагавіны, зрабіўшы непадпарадкаванне пастановам Вярхоўнага прадстаўніка крымінальным злачынствам.
Нягледзячы на гэтыя пастановы, Додзік усё адно падпісаў указ. Усяго за некалькі месяцаў два кіраўнікі «Афіцыйнага весніка» падалі ў адстаўку, але ўрэшце Мілаш Лукіч, выконваючы абавязкі дырэктара, апублікаваў прынятыя законы ў «Афіцыйным весніку». Лукіча ў выніку таксама судзілі, але апраўдалі.
Міларад Додзік кіраваў РС з 2010 да 2018 год, а затым вярнуўся на пасаду прэзідэнта ў 2022 годзе. Ён вядомы сваімі прарасейскімі поглядамі, акрамя таго, у яго цёплыя стасункі з Аляксандрам Лукашэнкам.