ЗША падтрымаюць: Францыя зрабіла важную заяву аб міратворцах ва Украіне
- 26.02.2025, 12:17
Хто з еўрапейцаў адправіць сваіх вайскоўцаў?
Міністр фінансаў Францыі Эрык Ламбард заявіў, што чакае, што ЗША дадуць падтрымку еўрапейскім войскам пасля таго, як будзе дасягнута пагадненне аб спыненні агню паміж Украінай і Расеяй, піша Bloomberg.
Вялікабрытанія, Нямеччына, Францыя і іншыя еўрапейскія краіны гатовы адправіць войскі для забеспячэння рэжыму спынення агню, сказаў Ламбард Bloomberg Television у інтэрв'ю ў Кейптаўне, дзе ён бярэ ўдзел у сустрэчы міністраў фінансаў G 20.
“Калі мы хочам, каб спыненне агню выконвалася, нам патрэбная падтрымка ЗША. Я лічу, што амерыканцы пагадзіліся на гэта”, - дадаў французскі міністр.
Раней на гэтым тыдні Ламбард суправаджаў прэзідэнта Францыі Эмануэля Макрона ў Вашынгтон, дзе абмяркоўваліся пытанні Украіны.
Сам Макрон у інтэрв'ю Fox News заявіў, што замірэнне можа быць укладзенае ўжо "ў найбліжэйшыя тыдні".
"Калі яно не будзе выканана, то гэта будзе найлепшы доказ таго, што Расея не ставіцца да гэтага сур'ёзна", – цытуе Макрона Расейская служба ВВС.
Паводле слоў прэзідэнта Францыі, у час замірэння можна будзе правесці перамовы аб доўгатэрміновым міры, гарантыях бяспекі, тэрыторыі і аднаўленні Украіны.
Пры гэтым Макрон адзначыў, што кожнае мірнае пагадненне не павінна "быць капітуляцыяй Украіны", яго неабходна падмацаваць гарантыямі бяспекі.