BE RU EN

«У расейцаў могуць узнікнуць нязручныя для Крамля пытанні»

  • 26.02.2025, 13:17

Чаму Пуцін баіцца вяртання акупантаў з фронту?

Інстытут вывучэння вайны (ISW) расказаў аб адным са страхаў Пуціна. Кіраўнік Крамля баіцца вяртання з фронту свайго акупацыйнага войска.

Якія пагрозы яны нясуць? Пра гэта сайт Charter97.org паразмаўляў з ветэранам расейска-ўкраінскай вайны, маёрам запасу Нацгвардыі Украіны Аляксеем Гецьманам:

- Вядома, што людзі вяртаюцца з войска з іншым светаадчуваннем. Вельмі часта яны арганізоўваюцца ў злачынныя групоўкі і пачынаюць займацца крыміналам. Людзі, якія ваявалі, забівалі, выкарыстоўвалі зброю, могуць лёгка справіцца з цывільнымі людзьмі, якія ніколі гэтага не бачылі.

Ветэраны маюць, скажам так, перавагі. Яны гэта адчуваюць і пачынаюць дзейнічаць. Але не ўсё, а пэўная частка.

Іншая ж частка сыдзе ў дэпрэсію, могуць пачаць выпіваць ці ўжываць наркотыкі, але бываюць і пазітыўныя сцэнары. Пасля вяртання з вайны адразу адаптавацца да таго жыцця, з якога яны сышлі, вельмі цяжка.

Бо жыццё на вайне вельмі моцна адрозніваецца ад цывільнага. Разумееце, гэта не той цяжар, калі ты прыехаў у іншую краіну і не ведаеш мовы. Гэта іншае "цяжка". Каштоўнасці, якія вітаюцца і якія галоўныя ў цывільным жыцці, высвятляецца, што на вайне яны ўвогуле нічога не значаць. Псіхалагічна гэта вельмі цяжка. Гэта тычыцца не толькі расейскага войска, а кожнага.

Сюды дадамо тое, што расейцы будуць расказваць сваім знаёмым, сябрам, родным. Абавязкова ж будуць сустрэчы, пасядушкі. Іх расказы будуць вельмі моцна адрознівацца ад таго, што транслюе расейская прапаганда. У некаторых расейцаў могуць узнікнуць нязручныя для Крамля пытанні аб тым, як было напраўду.

- Амерыканскія экспэрты мяркуюць, што кіраўнік Крамля не пойдзе на дэмабілізацыю з-за гэтых страхаў. Куды ён падзене гэтых усіх людзей?

- Дэмабілізацыя ўсё роўна будзе. Калі вайна нейкім чынам скончыцца, то дзе яны будуць утрымліваць такую колькасць людзей, якія зараз знаходзяцца на лініі фронту. У РФ няма столькі казармаў, каб усё гэтае войска на 1,5 мільёна дзесьці размясціць.

Калі не поўная, то хаця б частковая дэмабілізацыя. Яны будуць зыходзіць з сітуацыі, рэзкіх рухаў ніхто рабіць не будзе.

- Ці магчымае з’яўленьне нейкіх канкурэнтаў Пуціна сярод афіцэраў, якія вярнуліся з фронту?

- Не. Думаю, што яны не складуць канкурэнцыі Пуціну. Але яны могуць стаць лідарамі арганізаваных злачынных груповак.

Апошнія навіны