Рэйсы «Белавія» патрапілі ў «снежную пастку»
- 25.02.2025, 16:22
Праз непагадзь у Сочы і Грузіі.
У расейскім Сочы і курортных гарадах Грузіі ідуць моцныя снегапады. Праз гэта рэйсы «Белавія» Менск — Сочы і Сочы — Менск 25 лютага былі затрыманыя або перанесеныя, паведамілі ў авіякампаніі.
Ранішні рэйс B2-925, які рухаўся маршрутам Менск — Сочы, быў вымушаны пайсці на запасны аэрадром у Тбілісі. Борт з 67 пасажырамі вылецеў у пункт прызначэння прыкладна праз паўтары гадзіны чакання і прызямліўся ў аэрапорце Сочы.
Зваротны рэйс «Белавія» B2-926 Сочы — Менск, вылет якога быў запланаваны на 12.30, яшчэ знаходзіцца ў аэрапорце Сочы і рыхтуецца да вылету найбліжэйшым часам. «Белавія» забяспечыла пасажыраў (усяго 94 чалавекі) вадой і харчаваннем.
Неспрыяльныя варункі надвор'я - снегапады і моцны бакавы вецер - адбіваюцца і на працы аэрапорта Батумі. З меркаванняў бяспекі рэйс з Менска ў Батумі, запланаваны на 25 лютага а 23.05, скасаваны ў сувязі з неспрыяльнымі метэаўмовамі. Пасажырам прапануюць вылецець у Батумі заўтра, 26 лютага, а 15.00, альбо аформіць вяртанне кошту авіяквіткоў. Вылет рэйса з Батумі ў Менск 26 лютага, адпаведна, запланаваны на 21.25 паводле мясцовага часу.