Украінскі парламент выступіў з заявай аб легітымнасці Зяленскага
- 25.02.2025, 14:33
Выбары падчас вайны немагчымыя.
У аўторак, 25 лютага, Вярхоўная Рада падтрымала пастанову аб падтрымцы дэмакратыі ва Украіне, у якой гаворыцца аб немагчымасці правядзення выбараў у краіне да завяршэння вайны, паведамляе New Voice.
За адпаведную пастанову № 13039 з другога разу прагаласавалі 268 дэпутатаў.
Юрыдычная назва дакумента: "Заява Вярхоўнай Рады Украіны аб падтрымцы дэмакратыі ва Украіне ва ўмовах агрэсіі РФ".
У заяве гаворыцца, што Вярхоўная Рада і прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі былі абраныя на свабодных, празрыстых, дэмакратычных выбарах з запрашэннем міжнародных назіральнікаў, якія прызнала ўся міжнародная супольнасць.
Рада канстатуе, што ўведзенае ва ўмовах поўнамаштабнага ўварвання РФ ваеннае становішча ва Украіне не дазваляе правесці выбары паводле Канстытуцыі Украіны.
"Разам з тым, украінскі народ адзіны ў тым, што такія выбары павінны адбыцца пасля завяршэння вайны, Вярхоўная Рада заяўляе, што Украіна як дэмакратычная краіна, як толькі на яе тэрыторыі будзе забяспечаны ўсёабдымны, справядлівы і ўстойлівы мір, па рашэнні парламента абвесціць правядзенне выбараў прэзідэнта і забяспечыць іх правядзенне ў адпаведнасці з усімі міжнароднымі стандартамі.
У дакуменце адзначаецца, што заявы пра нібыта "нелегітымнасць" украінскай улады распаўсюджваюцца расейскай прапагандай з мэтай адцягнення ўвагі ад нелегітымнасці расейскага дыктатара Уладзіміра Пуціна.
Пастанова падкрэсліла, што мандат прэзідэнта Уладзіміра Зяленскага не ставіцца пад сумнеў украінскім народам і Вярхоўнай Радай.
"Парламент акцэнтуе ўвагу на неабходнасці захавання прадугледжанага законамі Украіны прынцыпу інстытуцыйнай бесперапыннасці ўлады, асабліва ва ўмовах дзеяння прававога рэжыму ваеннага становішча, і адзначае, што прэзідэнт Уладзімір Зяленскі павінен выконваць свае паўнамоцтвы да ўступлення на пасаду новаабранага прэзідэнта Украіны паводле часткі першай артыкула 108 Канстытуцыі Украіны", - дадалі ў заяве.
24 лютага Рада праваліла галасаванне за пастанову аб падтрымцы дэмакратыі ва Украіне ва ўмовах агрэсіі РФ. Пастанову падтрымалі 218 нардэпаў пры мінімальна неабходных 226.