Міхаіл Галусцян і не толькі: хто з зорак-пуціністаў трапіў пад новыя санкцыі ЕЗ
- 24.02.2025, 15:03
У новы санкцыйны спіс патрапілі 48 фізічных і 35 юрыдычных асоб.
Сёння, 24 лютага, з нагоды трэцяй гадавіны з пачатку поўнамаштабнага ўварвання Расеі ва Украіну, Еўрапейскі Звяз увёў новыя санкцыі супраць расейскіх зорак-пуціністаў. Як піша УНІАН, пра гэта гаворыцца ў паведамленні на афіцыйным сайце ЕЗ.
У спіс трапілі: гумарыст Міхаіл Галусцян, медыямэнэджэрка Крысціна Патупчык, шахматыст Сяргей Каракін, тэлевядоўца Юлія Бараноўская. Таксама там ёсць уладальнік АФК "Сістэма" Уладзімір Еўтушэнкаў, гендырэктар канцэрна "Алмаз-Антэй" Ян Новікаў, старшыня рады дырэктараў "Мечэл" Ігар Зюзін, гендырэктар "Інтэр РАТ" Сяргей Дрэгваль, прэзідэнт ЮГК Канстанцін Струкаў, кіраўнік ААК Вадзім Бадзеха і многія іншыя прыхільнікі дыктатара.
“У ЕЗ быў прыняты 16-ы пакет санкцый, які ўключае абмежаванні супраць 48 фізічных і 35 юрыдычных асоб, «адказных за дзеянні, якія падрываюць ці пагражаюць тэрытарыяльнай цэласнасці, суверэнітэту і незалежнасці Украіны”, - гаворыцца ў дакуменце.
Таксама ў ЕЗ наклалі абмежаванні на ўсе банкаўскія аперацыі з некаторымі расейскімі партамі і аэрапортамі, а яшчэ забаранілі вяшчанне шэрагу расейскіх СМІ ў Еўропе.
Дарэчы, пакуль ніхто з вышэйзгаданага спісу пуціністаў не адрэагаваў на новыя абмежаванні.
Нагадаем, раней комік-пуцініст Міхаіл Галусцян атрымаў грамадзянства Арменіі. Гумарыст, які раней актыўна падтрымліваў агрэсара і нават узначальваў фундаваны Крамлём патрыятычны рух “Юнармія”, заявіў, што ў Арменіі ён будзе прасоўваць свае аўтарскія праекты.