Кая Калас адказала Трампу
- 24.02.2025, 11:51
Паведамленні, якія паступаюць з ЗША, маюць расейскія наратывы.
Высокая прадстаўніца ЕЗ у пытаннях замежных спраў і палітыкі бяспекі Кая Калас заявіла, што нельга праводзіць прэзідэнцкія выбары ва Украіне да заканчэння вайны.
Пра гэта яна сказала журналістам перад пачаткам пасяджэння Рады ЕЗ у пытаннях замежных спраў у панядзелак, 24 лютага.
Калас пракаментавала заяву прэзідэнта ЗША Дональда Трампа, які назваў прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага "дыктатарам".
“Гэтыя заявы дастаткова цікавыя. Я маю на ўвазе, пра “дыктатара”. Па-першае, калі я пачула гэта, то была ўпэўненая, што ён робіць памылку і змешвае двух людзей, таму што ў (расейскага дыктатара Уладзіміра - рэд.) Пуціна не было выбараў, у Расеі не было выбараў 25 гадоў”, - адзначыла яна.
Кіраўніца дыпламатыі ЕЗ падкрэсліла, што Зяленскі быў абраны прэзідэнтам Украіны на свабодных і сумленных выбарах. Калас таксама пацвердзіла, што падчас вайны выбары праводзіць нельга.
"Многія краіны маюць у сваіх канстытуцыях палажэнні аб тым, што выбары праводзіць нельга, таму што на выбарах вы заўсёды змагаецеся паміж сабой, а не ў сітуацыі, калі ў вас ёсць фактычна замежны вораг, на якога вы павінны засяродзіць сваю сілу", - падкрэсліла яна.
Акрамя таго, Каллас дадала, што паведамленні, якія паступаюць з ЗША, маюць расейскія наратывы.