BE RU EN

Больш за Лукашэнку ўкраінцы ненавідзяць толькі Пуціна

  • 23.02.2025, 20:37

Апублікаваныя звесткі апытання.

Украінцаў спыталі аб стаўленні да лідараў краін і вядомых палітычных дзеячах. Прэзідэнт Францыі Эмануэль Макрон узначаліў рэйтынг сімпатый украінцаў сярод еўрапейскіх лідараў. У першай тройцы таксама прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда і кіраўніца Еўрапейскай камісіі (ЕК) Уршуля фон дэр Ляен. Аляксандр Лукашэнка - другі з канца. Пра гэта гаворыцца ў выніках апытання сацыялагічнай групы "Рэйтынг", піша "Зеркало".

Апытанне праводзілі 20-21 лютага 2025 года сярод жыхароў Украіны ва ўзросце ад 18 гадоў і старэйшых ва ўсіх абласцях, акрамя часова акупаваных тэрыторый Крыма і Данбаса, а таксама тэрыторый, дзе на момант апытання адсутнічае ўкраінская мабільная сувязь. Выбарка рэпрэзентатыўная паводле ўзросту, полу і тыпе паселішча. Выбарачная група: 1200 рэспандэнтаў.

Як паказала апытанне, горш за ўсё ўкраінцы ставяцца да прэм'ер-міністра Вугоршчыны Віктара Орбана (станоўча ставяцца толькі 11%), Аляксандра Лукашэнкі (8%) і Уладзіміра Пуціна (усяго 1%).

Сярод еўрапейскіх лідараў лепш за ўсё ставяцца да прэзідэнта Францыі Эмануэля Макрона (77%), за ім ідзе прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда (72%), прэзідэнтка Еўракамісіі Уршуля фон дэр Ляен (67%). Аднолькавае стаўленне — па 57% — да канцлера Нямеччыны Олафа Шольца і прэзідэнта Турцыі Раджэпа Тайіпа Эрдагана.

Дзве траціны ўкраінцаў давяраюць украінскаму прэзідэнту Уладзіміру Зяленскаму, трэць - не давяраюць. Са студзеня ўзровень даверу палепшыўся з 57 да 65 адсоткаў.

Раней Аляксандр Лукашэнка быў самым папулярным замежным палітыкам сярод украінцаў, нагадвае "Зеркало". У 2019 годзе да яго станоўча ставіліся 66 адсоткаў удзельнікаў аналагічнага апытання.

Апошнія навіны