ЕЗ пачаў шукаць спосаб адабрання расейскіх актываў на карысць Украіны
- 23.02.2025, 15:38
Канкрэтны аб’ём будзе залежаць ад адной акалічнасці.
Еўразвяз вярнуўся да тэмы канфіскацыі замарожаных расейскіх актываў на карысць Украіны, паведамляюць крыніцы Bloomberg, знаёмыя з ходам перамоваў. Новы этап абмеркаванняў пачаўся на фоне рызыкі скарачэння падтрымкі Кіева з боку ЗША. Так, еўрапейскія чыноўнікі прапанавалі выкарыстоўваць заблакаваныя актывы Цэнтрабанка Расеі як заклад у рамках працы будучай Міжнароднай камісіі ў прэтэнзіях. Пасля заканчэння вайны яна павінна вызначыць памер кампенсацыі Украіне. Паводле словаў суразмоўцаў агенцтва, ідэя ў тым, што актывы ЦБ могуць выключыць, калі Расея адмовіцца пакрываць прычыненую шкоду. Канкрэтны памер не называецца. Крыніцы адзначаюць, што ён будзе залежаць ад абавязальніцтваў Расеі ў выплаце кампенсацыі, вызначаных у рамках патэнцыйнага мірнага пагаднення.
Раней стала вядома, што Крэмль можа пагадзіцца аддаць замарожаныя на Захадзе дзяржаўныя актывы на аднаўленне Украіны пасля заканчэння вайны. Пры гэтым крыніцы Reuters сцвярджалі, што ў Маскве настойваюць на адпраўцы $ 100 млрд акупаваным тэрыторыям і $ 200 млрд – Кіеву. Усяго краіны ЕЗ, «Вялікай сямёркі» (G7) і Аўстралія замарозілі $300 млрд ЦБ РФ у выглядзе каштоўных папераў і гатоўкі. Асобна заблакаваныя яшчэ $58 млрд актываў расейскіх мільярдэраў, сярод іншага нерухомасць, яхты і самалёты.
Некалькі гадовыя дыскусіі пра канфіскацыю дзяржгрошай РФ для перадачы Украіне скончыліся нічым: супраць выступілі Нямеччына, Францыя, а таксама Еўрапейскі ЦБ, які адзначыў, што такое адабранне стварыла б пагрозу для еўра як сусветнай валюты. Пры гэтым ЗША і ЕЗ дамовіліся вылучыць Украіне крэдыт памерам $ 50 млрд за кошт прыбытку ад расейскіх актываў, які складае блізу 3-5 млрд еўраў на год.
Перамовы пра фармаванне Міжнароднай камісіі ў прэтэнзіях пачнуцца 24 сакавіка. «Без кампенсацыі не можа быць і правасуддзя. Расея павінна адказаць за сваю агрэсію – і яна павінна заплаціць», – падкрэслівала старшыня Еўрапейскай камісіі Уршуля фон дэр Ляен, анансуючы стварэнне органа.
У апошнія дні прэзідэнт ЗША Дональд Трамп рэзка выступіў супраць прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага, назваўшы яго «дыктатарам без выбараў» і абвінаваціўшы ў вайне. На гэтым фоне Зяленскі заклікаў еўрапейскіх лідараў узмацніць падтрымку Украіны. 21 лютага ён патэлефанаваў канцлеру ФРГ Олафу Шольцу, прэм'ер-міністрам Швэцыі, Славеніі і Харватыі – Ульфу Крыстэрсану, Роберту Голабу і Андрэю Плянковічу, а таксама прэзідэнтам Чэхіі і Польшчы – Пятру Паўлу і Анджэю Дуду. А на наступны дзень звязаўся з лідарамі Вялікай Брытаніі, Нідэрландаў, Албаніі, Люксембурга і Грэцыі.