У Беларусі ўвялі важную змену для кіроўцаў
- 23.02.2025, 20:21
Яна датычыцца тэхагляду.
Урад увёў змяненне ў выдачы дазволу на допуск транспарту да ўдзелу ў дарожным руху, паведамляюць Мінтранс і Белтэхагляд. Гэтую паслугу цяпер можна атрымліваць у электронным выглядзе, гэта значыць дыстанцыйна.
«Адміністрацыйныя працэдуры ў выдачы і атрыманні дазволу на допуск транспартнага сродку да ўдзелу ў дарожным руху ўключаныя ў пералік адміністрацыйных працэдураў, заявы зацікаўленых асобаў у якіх падаюцца ў электроннай форме праз адзіны партал электронных паслуг», – паведамляе ўстанова.
Але ёсць выключэнні – гэтай электроннай паслугай не змогуць скарыстацца ўладальнікі колавых трактароў, прычэпаў, паўпрычэпаў да іх.
Гэтая навіна прадугледжаная пастановай ураду ад 13 лютага 2025 г. № 88 «Аб змяненні пастановы Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 26 красавіка 2024 года № 322».
Нагадаем, раней у «Белтэхаглядзе» расказалі, што 630 кіроўцаў атрымалі дазвол да ўдзелу ў дарожным руху ў электроннай форме – без наведвання дыягнастычнай станцыі. Нагадаем, з лістапада мінулага года ў Беларусі некаторым фізічным асобам і юрыдычным асобам могуць у анлайн-рэжыме ставіць адзнаку аб пройдзеным тэхаглядзе.
Гэтай навіной дазволілі скарыстацца ўладальнікам транспарту, які быў выраблены менш за два гады таму. Рэч у тым, што такім аўтамабілістам не трэба праходзіць тэхагляд, даволі толькі паставіць дазвол на допуск транспартнага сродку да ўдзелу ў дарожным руху. Калі раней для гэтага ўсё роўна патрабавалася ехаць на дыягнастычную станцыю, то цяпер ёсць магчымасць зрабіць гэта анлайн. Выключэнне – колавыя трактары, прычэпы, паўпрычэпы да іх.