Папа Рымскі застаецца ў крытычным стане
- 23.02.2025, 11:27
Ватыкан пачаў выпускаць штодзённыя заявы пра стан пантыфіка.
Стан Папы Францішка застаецца «крытычным», піша ВВС. У суботу Папа Рымскі перанёс «зацяжны рэспіраторны крызіс, падобны да астмы», сказалі ў Ватыкане.
Ён праходзіць лячэнне ад пнеўманіі абодвух лёгкіх у лякарні Джэмелі ў Рыме. Пантыфіку зрабілі пераліванне крыві. Папа Францішак знаходзіцца ў прытомнасці, але яму патрэбен «высокі прыток» кіслароду.
«Стан Святога Айца застаецца крытычным. Папа не знаходзіцца па-за небяспекай», – гаворыцца ў заяве Ватыкана.
Папа Рымскі запатрабаваў адкрытасці ў дачыненні да свайго здароўя, таму Ватыкан пачаў выпускаць штодзённыя заявы.