BE RU EN

Тэхніка зламалася на наступны дзень пасля гарантыі - ці можна вярнуць грошы

  • 22.02.2025, 21:12

Растлумачыў юрыст.

Бытавая тэхніка і электроніка, безумоўна, дарагія тавары. Таму такія набыцці беларусы звычайна плануюць. Тэхніку ад паломак берагуць, а калі няспраўнасці здараюцца пасля заканчэння тэрміна гарантыі - хвалююцца. «Точка» даведалася ў юрыста, ці можна вярнуць грошы за зламаныя прыборы і як гэта зрабіць.

Гарантаваныя законам 30 дзён

Разбіраемся, як паступіць, калі пры першым аглядзе тавару бачных дэфектаў не выяўлена, але праз час яны ўсё ж праявіліся.

Сітуацыя нумар адзін: пасля пакупкі няякаснага тавару прайшло менш за 30 дзён.

- Калі вы набылі тавар неналежнай якасці, то маеце права на яго вяртанне або абмен на працягу 30 дзён з моманту пакупкі. У такім выпадку трэба звярнуцца да прадаўца з патрабаваннем аб вяртанні або замене. Разам з заявай неабходна падаць пацвярджальныя дакументы, такія як квіток або гарантыйны талон, - растлумачыў магістр права, юрысконсульт Беларускага таварыства абароны спажыўцоў Аляксандр Аляксандравіч.

Каб усё прайшло гладка, пакупніку трэба напісаць заяву ў некалькіх экземплярах. Сабе трэба пакінуць тую, дзе стаіць адзнака ад прадаўца. Яна пацвярджае, што крама выраб прыняла.

Сітуацыя нумар два: недахопы выявіліся праз 30 дзён з моманту пакупкі.

У такіх выпадках за пакупніком застаецца права на бясплатны рамонт (па гарантыі). Заменяць жа тавар ці вернуць грошы толькі ў выпадку істотных дэфектаў.

Якія дакументы спатрэбяцца

Каб карыстацца магчымасцю гарантыйнага абслугоўвання, важна захаваць дакументы на тэхніку. Гэта можа быць чэк, гарантыйны талон і інш. З імі трэба звярнуцца ў сэрвісны цэнтр ці да прадаўца.

- У большасці выпадкаў сэрвісны цэнтр, упаўнаважаны вытворцам, прымае тавары на гарантыйны рамонт. Вам трэба будзе падаць дакументы і тавар, - адзначыў Аляксандр.

Зварот грошай

Усе звароты юрыст рэкамендуе афармляць у пісьмовым выглядзе, бо менавіта гэта дапаможа пацвердзіць уласныя словы ў выпадку спрэчкі з прадаўцом.

У працэсе рамонту можа высветліцца, што выраб няякасны. Тады ў пакупніка ёсць магчымасць запатрабаваць замену на аналагічны тавар ці зварот грашовых сродкаў.

- Калі выраб не падлягае рамонту або кошт рамонту перавышае 30% і больш ад кошту тавару, можна атрымаць адпаведны акт або заключэнне, якое пацвярджае гэта, і на яго падставе звярнуцца па вяртанне грошай, - рэзюмаваў Аляксандр.

Два гады на доказ браку

Сітуацыя нумар тры: гарантыя вытворцы скончылася.

Заканадаўства дае пакупніку два гады, на працягу якіх можна прад'явіць прэтэнзіі да якасці тавару. Калі за гэты час выявіўся дэфект, а гарантыйны тэрмін на тавар скончыўся, спажывец самастойна звяртаецца па правядзенне экспертызы. Пры заключэнні, што пашкоджанне ўзнікла не па віне пакупніка, выдаткі на экспэртызу кампенсуе прадавец або вытворца.

У перыяд жа гарантыйнага тэрміна правесці экспэртызу ці адзнаку якасці таксама абавязаны прадавец (вытворца).

Куды звярнуцца па экспертызу

У Беларусі экспертызу могуць правесці як камерцыйныя, так і дзяржаўныя арганізацыі - напрыклад, Судова-экспэртная калегія, Дзяржкамітэт судовых экспэртыз.

Кошт маніпуляцый можа вар'іравацца ў залежнасці ад тыпу абсталявання і складанасці праверкі, удакладнілі ў таварыстве спажыўцоў. Актуальныя расцэнкі ў арганізацыі лепш удакладніць загадзя, пачынаюцца яны прыкладна ад 600 рублёў. Дакументы аб экспертызе раім захаваць на доўгі час.

Апошнія навіны