BE RU EN

Маршал Білінгслі: Трамп гатовы да новых санкцый супраць РФ

  • 21.02.2025, 21:37

Рэспубліканец расказаў пра сваю візію стасункаў Белага дому і Крамля пры новай адміністрацыі.

У першай адміністрацыі Дональда Трампа Маршал Білінгслі быў спецпрадстаўніком прэзідэнта ЗША ў кантролі над узбраеннямі, удзельнічаў у перамовах аб падаўжэнні дамовы СНУ-3. Акрамя таго ён займаў пасаду намесніка міністра фінансаў і ў гэтай якасці адказваў за санкцыйную палітыку Вашынгтона. У цяперашні час рэспубліканец Білінгслі – старшы навуковы супрацоўнік Гудзонаўскага інстытута ў Вашынгтоне. У інтэрв'ю DW ён расказаў пра сваю візію стасункаў Белага дому і Крамля пры новай адміністрацыі.

– Якім, на Ваш погляд, можа быць план адміністрацыі Трампа ў спыненні вайны ва Украіне?

– Сустрэча расейскай і амерыканскай дэлегацый у Эр-Рыядзе, была праведзеная толькі для аднаго: высветліць, ці гатовыя прадстаўнікі Расеі да перамоваў. Зразумела, што дэлегацыі абменьваліся меркаваннямі ў розных пытаннях. Расейская, здаецца, назвала нейкія патрабаванні Масквы. Наколькі я разумею, гэтыя патрабаванні былі ў значнай ступені адхіленыя.

Зазіраючы ў будучыню, давайце ўявім сабе, што Расея з нейкай прычыны адмовіцца ад узаемадзеяння. Працуючы ў першай адміністрацыі прэзідэнта Трампа намеснікам міністра фінансаў у пытаннях санкцый, я прыйшоў да высновы: ён вельмі добрае разбіраецца ў фінансавых і эканамічных механізмах ціску і будзе гатовы іх задзейнічаць. Адміністрацыя Байдэна пакінула шмат вагароў ціску нявыкарыстанымі. Мяркую, што прэзідэнт задзейнічае іх, каб прымусіць расейскіх прадстаўнікоў сесці за стол перамоваў, калі яны не захочуць зрабіць гэта добраахвотна.

– Якія менавіта вагары?

– У фінансавай сферы трэба зрабіць толькі дзве рэчы. Санкцыі эфектыўныя толькі тады, калі няма шчылінаў для іх абыходу. Калі вы ўводзіце санкцыі супраць расейскага фінансавага сектару, то яны павінны распаўсюджвацца на ўсе без выключэння расейскія банкі. А сёння ўсё яшчэ многія з іх падключаныя да міжнароднай плацежнай сістэмы SWIFT і здольныя праводзіць транзакцыі.

Другая і, магчыма, галоўная рэч, якую трэба зрабіць, гэта пазбавіць Расею яе асноўнай крыніцы прыбыткаў – экспарту нафты. Праз тое, што адміністрацыя Байдэна не хацела чапаць расейскі экспарт энэрганосьбітаў, яна прапанавала недарэчную ідэю лімітавага кошту. Задума была нерэалістычнай з самага пачатку і ні разу не прывяла да істотнага скарачэння прыбыткаў Расеі. Прэзідэнт Трамп падчас свайго першага тэрміну ўвёў адпаведныя санкцыі супраць Ірана і Венесуэлы. Я падазраю, што ў выпадку, калі расейскі бок адмовіцца ад узаемадзеяння, то гэта будзе наступным лагічным крокам.

– А калі расейцы пойдуць на перамовы?

– Каманда Трампа гаварыла пра магчымасць у гэтым выпадку змякчыць санкцыі. Таму што, хоць санкцыі, уведзеныя адміністрацыяй Байдэна, не паставілі Расею на калені эканамічна, яны ўсё ж нанеслі фундаментальную шкоду расейскай эканоміцы, такую, што, у канчатковым выніку, яна ў нейкі момант можа проста рассыпацца. Аднак, на маю думку, гэта адбудзецца недастаткова хутка, каб спыніць баявыя дзеянні і забойства людзей.

Камандзе Трампа будзе вельмі важна даведацца пра меркаванне еўрапейцаў і ўкраінцаў. Відавочна, што тэрытарыяльнае пытанне будзе ў цэнтры перамоваў. Але давайце памятаць, што не толькі Расея акупуе ўкраінскую тэрыторыю. Украіна кантралюе сёння частку расейскай тэрыторыі. Мяркую, што дыскусіі пра гэтае пытанне і пра лініі спынення агню, або «лініі судакранання», як аддаюць перавагу іх называць расеццы, стануць яшчэ адной важнай тэмай.

– У цэлым, які погляд каманды Трампа на Расею?

– Мне здаецца, у яе ёсць разуменне таго, што Расею, якая мае самы вялікі і разнастайны арсенал ядзернай зброі на Зямлі, трэба ўспрымаць сур'ёзна, што з ёй трэба мець справу. Мяркую, што адміністрацыя таксама ясна разумее, што з пункту гледжання сусветнай эканомікі Расея проста не з'яўляецца асноўнай дзяржавай. Злучаныя Штаты – найбуйнейшая эканоміка свету. Прэзідэнт Трамп будзе рабіць усё, каб даляр ЗША заставаўся дамінантнай сусветнай валютай. Між тым Расея, нароўні з Кітаем і іншымі краінамі БРІКС спрабуе падарваць пазіцыі даляра як лідара. Перакананы: гэта стане яшчэ адной тэмай дыскусій з прадстаўнікамі Расеі.

– Якое меркаванне адміністрацыі Трампа пра стасункі Масквы і Пекіна? У Белым доме сапраўды думаюць, што змогуць разарваць звязак Расеі і Кітая?

– Я падазраю, што меркаванне адміністрацыі такое: для Расеі неразумна быць настолькі залежнай ад Кітая. Пасля заканчэння баявых дзеянняў санкцыі ў дачыненні да Расеі могуць быць часткова аслабленыя ці нават, у залежнасці ад сітуацыі, поўнасцю знятыя. Гэта дазволіць аднавіць некаторы ўзровень эканамічнай незалежнасці ад Кітая. Кітай цяпер – адзін з асноўных, калі не асноўны для Расеі канал атрымання тэхналогій і прыбыткаў ад продажу нафты, іншай сыравіны і тавараў.

Кітай уяўляе значную пагрозу інтарэсам ЗША. Ягоная ядзерная праграма мае прарыўны характар. Ужо ў наступным дзесяцігоддзі ядзерны арсенал Пекіна будзе такім самым, як у нас і як у Расеі. Не ў інтарэсах амерыканскага народа мець дзве супрацьстаялыя ЗША ядзерныя дзяржавы, так цесна звязаныя адна з адной.

– Пра «зварот да Азіі» і выклік Кітая гавораць ужо дваццаць гадоў, з часоў прэзідэнцтва Джорджа Буша-малодшага. Што змянілася апошнім часам?

– Кітай уклаў вялізныя сродкі ў нарошчванне сваіх узброеных сілаў. Гэтага не зрабілі Злучаныя Штаты і, на жаль, нашыя еўрапейскія хаўруснікі. Размова ідзе пра двухзначныя лікі прыросту з году ў год. Вынік: у Кітая сёння, напрыклад, больш надводных баявых караблёў, чым у ВМФ Злучаных Штатаў.

Што да авіяцыі тэатра ваенных дзеянняў, то і тут Кітай мае больш самалётаў. Сёння ён уяўляе рэальную пагрозу незалежнасці Тайваня. Адмірал Сэмюэл Папаро, які ўзначальвае Інда-Ціхаакіянскае камандаванне амерыканскіх узброеных сілаў, нядаўна заявіў: інтэнсіўнасць кітайскіх марскіх аперацый выходзіць далёка за рамкі простых вучэнняў. Насамрэч яны адпрацоўваюць складаныя дзеянні, якія спатрэбяцца для ўварвання на Тайвань. Як мяркуюць некаторыя аналітыкі, гэта можа адбыцца ўжо ў 2027 годзе.

Кітай спадзяецца неўзабаве стаць галоўнай сусветнай дзяржавай і перапісаць правілы, паводле якіх жыве свет. Паводле гэтых правілаў дэмакратыям будзе жыць вельмі некамфортна. Вось чаму, я думаю, адміністрацыя Трампа максімальна дае зразумець еўрапейцам: ім неабходна ўзяць на сябе адказнасць за сітуацыю на сваім кантыненце, каб ЗША змаглі зрабіць усё неабходнае для захавання бяспекі і стабільнасці ў Азіяцка-Ціхаакіянскім рэгіёне.

Апошнія навіны