Дзясяткі тысячаў славакаў выйшлі на антыўрадавы пратэст
- 21.02.2025, 20:48
Дэманстрацыі праходзяць у больш як 40 гарадах краіны.
У Славакіі ў пятніцу ўшаноўваюць памяць загінулага сем гадоў таму журналіста-расследавальніка Яна Куцяка і ягонай нявесты Марціны Кушніравай.
Пра гэта піша Dennik N.
Дэманстрацыі праходзяць у больш як 40 гарадах Славакіі.
Самай масавай з'яўляецца акцыя ў Браціславе – колькасць удзельнікаў пакуль ацэньваецца на 10–12 тысячаў.
Мітынг з нагоды 7-й гадавіны забойства Яна Куцяка і Марціны Кушніравай пачаўся з хвіліны маўчання. Арганізатарка Караліна Фарская нагадала, што акцыя з’яўляецца грамадзянскай. Арганізатары дыстанцыяваліся ад дзейнасці любых палітычных партый.
На мітынгу ў славацкай сталіцы выступілі бацькі Яна Куцяка і маці Марціны Кушніравай. «Я веру, што разам мы давядзем гэтую барацьбу да шчаслівага канца», – сказаў Ёжэф Куцяк.
«Увесь архітэктар гэтага зноў ва ўладзе», – дадаў ён, маючы на ўвазе Роберта Фіца, які ўзначальваў славацкі ўрад, калі забілі журналіста і ягоную нявесту.
У Браціславе таксама выступіла група журналістаў з некалькіх СМІ. Яны гавораць, што гэта нетыпова і пры нармальных абставінах яны не павінны выступаць на трыбунах пратэсту. «Але тут няма нічога нармальнага», – сказала галоўная рэдактарка газеты Sme Беата Балагава.
На думку журналістаў, прэм'ер-міністр заразіў сваёй нянавісцю частку грамадства. «Ён сцвярджае, што журналісты з'яўляюцца апазіцыйнай сілай, што нам плацяць з замежжа і што мы ворагі Славакіі. Гэта хлусня. Праўда простая: нам плацяць нашыя чытачы. Вы плаціце нам. І вы плаціце нам менавіта за тое, каб мы кантралявалі Роберта Фіца – ягоныя замежныя паездкі, дамоўленасці з Пуціным або Трампам, пагадненні з партнёрамі ў кааліцыі», – заявіў Матуш Кастолны, галоўны рэдактар Denník N.
«Мы не ворагі Славакіі, наадварот, мы журналісты, якія працуюць для таго, каб Славакія была найлепшай краінай. Той факт, што Фіца турбуецца пра гэта, з'яўляецца найлепшым пацверджаннем таго, што мы робім гэта добра», – дадалі яны.