У Беларусі дзейнічае «сакрэтная» сетка «банкаматаў»
- 21.02.2025, 20:17
Вы маглі пра яе не ведаць.
У Беларусі можна здымаць грошы гатоўкай не толькі ў банкаматах, але і проста ў касах крамаў. Аднак умовы залежаць ад таго, у якім банку адкрыты рахунак з прывязанай да яго карткай. «Люстэрка» расказвае, колькі грошай можна зняць такім чынам і якія ёсць патрабаванні.
Касы, дзе можна здымаць грошы са свайго банкаўскага рахунку, абазначаныя спецыяльнай налепкай. Але ўмовы могуць адрознівацца ў залежнасці ад банка, дзе чалавек трымае свае сродкі.
Так, «Белгазпрамбанк» дазваляе здымаць у крамах да пяці базавых велічыняў (цяпер гэта 210 рублёў) за раз. Аднак паслуга платная (у залежнасці ад карткі), а карыстацца ёю можна толькі ў невялікіх населеных пунктах з колькасцю да 20 тысячаў чалавек.
У «Белаграпрамбанку» грошы гатоўкай можна атрымаць без камісіі, але толькі калі карта выпушчаная гэтым банкам ці «Беларусбанкам». Памер зняцця – ад 10 да 210 рублёў. Цяпер паслуга даступная ў 6500 крамах па ўсёй краіне (спіс можна паглядзець тут). Але банк папярэджвае, што ў касе павінна быць неабходная да выдачы сума, калі не, то зняць сродкі не атрымаецца.
«Беларусбанк» таксама не бярэ камісію за зняцце грошай, але яе можа спаганяць банк, які выпусціў карту. Ліміт на атрыманне сродкаў гатоўкай – таксама 210 рублёў. Вось спіс крамаў, дзе даступная паслуга.